Пошук

26.08.2021 09:55   Паводле: Vatican News
Фота: Daniel Ibanez / ACI Group

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 25 жніўня прайшла ў ватыканскай зале Паўла VI, Папа Францішак працягнуў цыкл катэхез, прысвечаны Пасланню да Галатаў.

Святы Айцец заўважыў, што на яго старонках узгадваецца «факт, які выклікае здзіўленне»: апостал Павел публічна дакараў Пятра перад антыяхійскай супольнасцю вернікаў за яго непаслядоўныя паводзіны.

Прычына рэзкіх словаў Апостала народаў была не ў яго характары ці няздольнасці трымаць сябе ў руках, але ў тым, што ад гэтага залежалі адносіны паміж свабодай і Законам Майсея, — перадае словы Пантыфіка Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«Пішучы да Галатаў, Павел свядома ўзгадаў пра выпадак, які меў месца ў Антыёхіі за некалькі гадоў да гэтага. Ён жадаў нагадаць хрысціянам гэтай супольнасці, што яны абсалютна не павінны слухаць тых, хто прапаведуе абавязак абразання, гэта значыць трыванне „пад Законам“ з усімі яго прадпісаннямі», — заўважыў Папа.

Прадметам крытыкі ў адрас Пятра былі яго паводзіны падчас удзелу ў спажыванні ежы. Закон забараняў юдэям есці разам з неюдэямі, але сам Пётр, пры іншых абставінах, хадзіў у дом сотніка Карнэлія і казаў: «Бог адкрыў мне, каб я не лічыў ніводнага чалавека апаганеным ці нячыстым» (Дз 10, 28). Абрэзаныя хрысціяне, верныя Закону Майсея, папракалі Пятра за яго паводзіны, але ён апраўдваўся, кажучы: „Тады я ўспомніў слова Пана, як Ён казаў: «Ян хрысціў вадою, а вы будзеце ахрышчаныя Духам Святым». Калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, якія паверылі ў Пана Езуса Хрыста, то хто я такі, каб пярэчыць Богу?“» (Дз 11, 16–17), — нагадаў Папа.

Падобны выпадак здарыўся таксама ў Антыёхіі ў прысутнасці Паўла. Спачатку Пётр без ніякіх праблем еў разам з хрысціянамі, якія паходзілі з язычніцтва, а калі ў горад прыйшлі некаторыя абрэзаныя хрысціяне з Ерузалема, тады ён больш не рабіў гэтага, каб не трапіць пад крытыку з іх боку. «Гэта было сур’ёзна ў вачах Паўла таксама і таму, што Пятра наследавалі іншыя вучні, у першую чаргу Барнаба, які разам з Паўлам евангелізаваў менавіта галатаў. Не жадаючы таго, сваімі паводзінамі Пётр ствараў несправядлівы падзел у супольнасці», — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што, папракаючы Пятра, Павел выкарыстоўваў слова, якое дапамагае зразумець яго рэзкую рэакцыю: крывадушнасць (пар. Гал 2, 13). Захаванне Закону Майсея хрысціянамі вяло да крывадушных паводзін, з якімі апостал хацеў змагацца моцна і пераканаўча.

«Што такое крывадушнасць? Можна сказаць, што гэта страх перад праўдай. Крывадушнік баіцца праўды. Перавага аддаецца таму, каб рабіць выгляд, а не быць самім сабой. <…> Удаванне перашкаджае мужна і адкрыта казаць праўду і такім чынам з лёгкасцю пазбаўляе абавязку казаць яе заўсёды, паўсюль і нягледзячы ні на што. <…> У асяроддзі, дзе міжасобасныя адносіны пазначаны фармалізмам, з лёгкасцю распаўсюджваецца вірус крывадушнасці», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён нагадаў, што ў Бібліі ёсць шмат прыкладаў змагання з крывадушнасцю, а Езус моцна папракаў тых, якія звонку выдавалі сябе за справядлівых, а ўнутры былі поўныя фальшу і беззаконня.

«Крывадушнік — гэта чалавек, які робіць выгляд, ліслівіць і падманвае, бо жыве з маскай на абліччы і не мае адвагі стаць з праўдай тварам у твар.

З гэтай прычыны ён няздольны любіць па-сапраўднаму: абмяжоўваецца эгаістычным жыццём і не мае сіл адкрыта паказаць сваё сэрца», — падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу на мноства розных сітуацый, у якіх можа праяўляцца крывадушнасць. Яна часта хаваецца на месцах працы, дзе людзі імкнуцца выглядаць сябрамі з калегамі, а ў той час з-за канкурэнцыі наносяць ім удар ззаду. Крывадушнасць вельмі распаўсюджана ў палітыцы, але асабліва агіднай яна з’яўляецца ў Касцёле.

«Мы ніколі не павінны забываць словы Пана: „Няхай будзе слова вашае «так-так», «не-не». А што звыш гэтага, тое ад злога“ (Мц 5, 37). Браты і сёстры, падумаем сёння пра тое, што асуджае Павел: пра крывадушнасць. Не будзем баяцца быць праўдзівымі, казаць праўду, чуць праўду, лічыцца з праўдай. Так мы зможам любіць. Крывадушнік няздольны любіць.

Дзейнічаць насуперак праўды — значыць ставіць пад пагрозу адзінства Касцёла, аб якім маліўся сам Пан», — завяршыў катэхезу Папа Францішак.

Абноўлена 26.08.2021 09:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа