У кароткім відэазвароце, апублікаваным 18 жніўня прэс-службай Святога Пасаду, Святы Айцец запрасіў людзей ва ўсім свеце прайсці вакцынацыю супраць каранавірусу, назваўшы гэта жэстам любові.
«У братэрскім духу я далучаюся да паслання надзеі на светлую будучыню. Дзякуючы Богу і працы многіх людзей у нас сёння ёсць вакцыны, якія абараняюць ад COVID-19. Яны даюць надзею на спыненне пандэміі, але толькі ў тым выпадку, калі даступнасць да іх гарантавана ўсім і калі мы супрацоўнічаем адно з адным», — перадае словы Папы Францішка Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Пастыр паўсюднага Касцёла назваў жэстам любові саму вакцынацыю і дапамогу людзям у яе рэалізацыі. «Існуе грамадская і палітычная любоў, універсальная, заўсёды напоўненая малымі жэстамі асабістай любові, здольнымі змяніць і палепшыць грамадства», — заўважыў Пантыфік.
«Вакцынацыя — гэта просты, але глыбокі спосаб спрыяння агульнаму дабру і клопату адно пра аднаго, асабліва пра найбольш уразлівых. Прашу Бога, каб кожны з нас унёс сваю пясчынку, свой маленькі жэст любові. Якім бы маленькім ён ні быў, любоў заўсёды вялікая. Паспрыяй гэтымі малымі жэстамі лепшай будучыні», — заклікаў Папа Францішак у сваім відэапасланні, запісаным на іспанскай мове.