Пошук

12.08.2021 17:10   Паводле: Vatican News
Фота: Reuters / Guglielmo Mangiapane

«Калі кіруе вамі Дух, то вы не пад Законам» (Гал 5, 18), — нагадаў Папа Францішак словы апостала Паўла падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 11 жніўня ў ватыканскай Зале Паўла VI. На ёй Святы Айцец працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны Пасланню да Галатаў.

Са зместам папскай катэхезы знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Як адзначыў напачатку Святы Айцец, нядобразычліўцы Паўла казалі, што галаты павінны выконваць Закон, каб атрымаць збаўленне. Апостал быў нязгодны з імі, бо гэтае сцвярджэнне азначала вяртанне назад — да часоў, якія папярэднічалі прыйсцю Хрыста. Ён добра памятаў словы Пятра, які казаў: «Навошта ж цяпер выпрабоўваеце Бога, ускладаючы вучням на шыю ярмо, якое не маглі несці ні айцы нашыя, ні мы?» (Дз 15, 10).

Калі Павел казаў пра Закон, ён звычайна меў на ўвазе Закон Майсея, звязаны з Запаветам, які Бог устанавіў са сваім народам. «Захаванне Закону гарантавала народу выгоды Запавету і асаблівую сувязь з Богам <…> Заключаючы Запавет з Ізраэлем, Бог даў яму Тору, каб народ мог разумець Яго волю і жыць у справядлівасці.

Тады існавала патрэба ў такім Законе, гэта быў вялікі дар Бога свайму народу. Чаму? Бо ў тыя часы паўсюль было язычніцтва, ідалапаклонства, паводзіны людзей грунтаваліся на язычніцтве, таму Закон стаў вялікім дарам Бога для народа, каб ён мог ісці наперад. Шмат разоў, асабліва ў кнігах прарокаў, узгадваецца, што невыкананне прадпісанняў Закону станавілася сапраўднай здрадай Запавету, правакуючы гнеўную рэакцыю Бога. Сувязь паміж Запаветам і Законам была настолькі шчыльнай, што дзве гэтыя рэчаіснасці лічыліся непадзельнымі», — заўважыў Пантыфік.

Ён дадаў, што, узяўшы гэта пад увагу, можна з лёгкасцю зразумець чаму місіянеры, якія праніклі ў асяроддзе галатаў, мелі поспех, сцвярджаючы, што вернасць Запавету прадугледжвала захаванне Закона Майсея. Але менавіта тут можна ўбачыць «духоўную разважлівасць святога Паўла», які патлумачыў галатам, што на самай справе Запавет і Закон не звязаны непадзельна. Ён настойваў на тым, што «Запавет, заключаны Богам з Абрагама, грунтаваўся на веры ў спаўненне абяцання, а не на захаванні Закона, якога яшчэ не было». «Закон не знаходзіцца ў аснове Запавету, бо быў дадзены пазней», — сцвердзіў Пантыфік.

«Такая аргументацыя пакідала па-за гульнёй тых, якія сцвярджалі, што Закон Майсея быў неад’емнай часткай Запавету.

Тора насамрэч не была ўключана ў абяцанне, дадзенае Абрагаму. Кажучы гэта, аднак, мы не павінны думаць, што Павел быў супраць Закона Майсея. Шмат разоў у сваіх Пасланнях Павел абараняў яго боскае паходжанне і сцвярджаў, што ён мае дакладную ролю ў гісторыі збаўлення. Закон, тым не менш, не дае жыцця, не дае спаўнення абяцання, бо не ў стане яго выканаць <…> Тыя, хто шукае жыцця, павінны глядзець на абяцанне і на яго спаўненне ў Хрысце», — падкрэсліў Святы Айцец.

Паводле Папы, гэтае першае тлумачэнне Апостала галатам аб’яўляе «радыкальную навіну хрысціянскага жыцця: усе, хто мае веру ў Езуса Хрыста, пакліканы жыць у Святым Духу, які вызваляе ад Закона і ў той жа час вядзе да яго спаўнення паводле запаведзі любові».

Пастыр паўсюднага Касцёла заўважыў, што запаведзі маюць «педагагічнае» значэнне, бо вядуць да сустрэчы з Богам. Праблема ўзнікае тады, калі запаведзям, а не сустрэчы з Езусам, надаецца большае значэнне.

«Няхай Пан дапаможа нам ісці шляхам запаведзяў, але гледзячы на любоў Хрыста, імкнучыся да сустрэчы з Хрыстом, ведаючы, што яна важнейшая за ўсе запаведзі», — завяршыў катэхезу Папа Францішак.

Абноўлена 12.08.2021 21:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.