З нагоды Сіноду Біскупаў, які распачнецца ў кастрычніку, сакратар Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця Хасэ Радрыгес Карбала OFM скіраваў адмысловы ліст да кансэкраваных асоб ва ўсім свеце.
Як паведаміла Польская рэдакцыя парталу Vatican News, у лісце ватыканскі іерарх звяртае ўвагу на адказнасць кансэкраваных асоб за падрыхтоўку і правядзенне Сіноду, а таксама нагадвае, што сінадальны працэс, які распачынаецца, — гэта супольны шлях, і на ім кожны можа чамусьці навучыцца. Заахвочваючы законнікаў і законніц як мага больш актыўна далучацца да сінадальнага шляху, сакратар кангрэгацыі падкрэслівае багацце, якім можа стаць на ёй магчымасць дзяліцца ўласнай харызмай.
«Гэта час слухання таго, што Дух Святы хоча сказаць Касцёлу, і чаго Бог жадае ад нас у трэцім тысячагоддзі», — піша арцыбіскуп Радрыгес Карбала, адзначаючы, што гэта патрабуе супольнага дзеяння ўсіх, хто бярэ ўдзел у місіі Касцёла.
«Няхай ніхто не адчувае сябе выключаным з гэтага касцёльнага шляху», — піша ватыканскі іерарх і пры гэтым зазначае, што кожная форма кансэкраванага жыцця можа штосьці ўнесці ў Сінод Біскупаў. Ён згадвае як мнаскія супольнасці, дзейсныя і кантэмпляцыйныя, секулярныя інстытуты, эрэмітаў, кансэкраваных дзеў, так і прадстаўнікоў новых форм апостальскага жыцця. Арцыбіскуп францішканін заахвочвае кансэкраваных асоб адважна і творча далучацца да сінадальнага шляху на кожным з яго этапаў.
Свой ліст ватыканскі іерарх завяршае напамінам:
«Каб сінадальны Касцёл не застаўся толькі міражом, але каб стаў магчымай для здзяйснення марай, трэба разам марыць, разам маліцца і разам дзейнічаць».
Vatican News нагадвае, што па рашэнні Папы Францішка змяняецца фармат правядзення Сіноду Біскупаў, які ўжо не будзе аднаразовай падзеяй, а стане працэсам і будзе адбывацца ў тры этапы: на мясцовым, кантынентальным і паўсюдным узроўні. Папа афіцыйна дасць старт сінадальнаму працэсу ў Рыме 9 і 10 кастрычніка, а 17 кастрычніка ён распачнецца ў мясцовых Касцёлах.