22 чэрвеня Апостальская пэнітэнцыярыя абнародавала дэкрэт аб устанаўленні магчымасці атрымання поўнага адпуста з нагоды Першага Сусветнага дня дзядуль, бабуль і пажылых людзей, які сёлета будзе адзначацца 25 ліпеня.
Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, поўны адпуст змогуць атрымаць дзядулі, бабулі, пажылыя людзей і ўсе вернікі, якія 25 ліпеня 2021 г., натхнёныя духам пакаяння і міласэрнай любоўю, возьмуць удзел ва ўрачыстай цэлебрацыі, якую Папа Францішак узначаліць у базыліцы св. Пятра, ці іншых набажэнствах, што будуць праходзіць ва ўсім свеце. Адпуст можа быць ахвяраваны за душы ў чыстцы. Для яго атрымання неабходна выканаць тры звычайныя ўмовы (сакрамэнтальная споведзь, эўхарыстычная Камунія і малітва ў інтэнцыях Святога Айца).
Поўны адпуст у гэты дзень змогуць атрымаць таксама вернікі, якія прысвецяць належны час адведванню, фізічнаму ці з дапамогай сродкаў камунікацыі, пажылых людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе або маюць цяжкасці (хворых, самотных, з інваліднасцю і інш.)
«Поўны адпуст можа быць атрыманы пры адсутнасці прывязанасці да ўсялякага граху і пры намеры як мага хутчэй выканаць тры абавязковыя ўмовы, хворымі пажылымі людзьмі і ўсімі, хто па сур’ёзнай прычыне не можа выйсці з уласнага дому, калі яны духоўна далучацца да набажэнстваў, што будуць праходзіць з нагоды Сусветнага дня, і ахвяруюць міласэрнаму Богу свае малітвы, пакуты і цярпенні, асабліва падчас трансляцыі праз тэлебачанне, радыё і новыя сродкі грамадскай камунікацыі, словаў Найвышэйшага Пантыфіка і цэлебрацый», — гаворыцца ў дэкрэце.
Каб аблегчыць атрыманне Божага прабачэння, Апостальская пэнітэнцыярыя настойліва просіць святароў быць даступнымі для ўдзялення сакрамэнту паяднання (споведзі).
Дэкрэт быў падпісаны 13 мая кардыналам Маўро П’ячэнца, Вярхоўным пэнітэнцыярыем, і ксяндзом Кшыштафам Нікелем, рэгентам Апостальскай пэнітэнцыярыі.