19 чэрвеня Папа Францішак даручыў Кангрэгацыі па справах Кананізацыі абнародаваць дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнот Слугаў Божых, сярод якіх адзін з айцоў-заснавальнікаў Еўрасаюзу французскі палітык люксембуржскага паходжання Рабэр Шуман.
Ідэал Рабэра Шумана як ніколі актуальны ў нашыя дні, — падкрэсліў айцец Бэрнар Ардура, пастулатар беатыфікацыйнага працэсу французскага палітыка і шматгадовы старшыня Папскага камітэту гістарычных навук.
«Дэкрэт аб прызнанні гераічнасці цнотаў Рабэра Шумана — гэта важны крок у працэсе яго кананізацыі. Ён быў ухвалены пасля доўгага працэсу, які распачаўся ў 1980-я гады ў дыяцэзіі Меца, і падчас якога былі выслуханы больш за 100 сведкаў. Усе яны адзначалі глыбокае хрысціянскае жыццё Шумана», — сказаў французскі святар у інтэрв’ю для Vatican News, з якім знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу.
Пастулатар заўважыў, што для беатыфікацыі палітыка «неабходны цуд, Божы знак у якасці пацвярджэння святасці гэтага чалавека, які цалкам прысвяціў сябе служэнню іншым людзям і агульнаму дабру, а ў першую чаргу быў чалавекам Божым».
«Я лічу, што ў актуальным кантэксце асоба Рабэра Шумана з’яўляецца як ніколі актуальнай. Еўрапейскі Саюз, у якім мы жывем, стаў вялікай машынай, якая ўражвае, вялікай адміністрацыйнай структурай, якая мае шмат магчымасцяў. Але небяспека заключаецца менавіта ў забыцці аб прызначэнні ўсяго гэтага апарату — вось чаму трэба канкрэтызаваць ідэал, які быў паказаны Рабэрам Шуманам і тымі, каго мы называем „айцам Еўропы“. Яны былі людзьмі, якія пасля заканчэння Другой сусветнай вайны хацелі спрыяць прымірэнню. І вось Шуман нагадвае нам, што Еўропа для таго, каб мець сэнс і быць вернай свайму пакліканню, павінна натхняцца ў сваёй палітыцы служэннем чалавеку, салідарнасцю», — сцвердзіў а. Бэрнар Ардура.
Пастулатар нагадаў, што Шуман быў хрысціянінам, які перажываў сваю веру ў сціпласці, «не чытаў пропаведзі», але «жыў у глыбокай еднасці з Богам».
«Гэты абмен любоўю быў своеасаблівай крыніцай яго дзейнасці», — падкрэсліў святар. Акрамя таго, Шуман заўсёды ўдасканальваў і паглыбляў сваю веру. Напрыклад, падчас Другой сусветнай вайны, укрываючыся ў розных кляштарах Францыі, ён глыбока вывучаў «Суму тэалогіі» і іншыя тэксты святога Тамаша Аквінскага. «Мы ведаем, што ён шмат чытаў святога Аўгустына, і нават у арыгінале, бо ведаў лацінскую і грэчаскую мову», — распавёў святар, падкрэсліваючы, што пастаяннае ўдасканаленне веры і ведаў знайшло адлюстраванне і ў палітычнай дзейнасці Шумана.