Нават падчас самых цяжкіх пакут мы ніколі не застаемся самі. На крыжы Езус стаў нашым абсалютным заступнікам, — запэўніў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 16 чэрвеня прайшла ў Ватыкане.
«Малітва была адной з самых відавочных рысаў жыцця Езуса. Езус маліўся, і маліўся шмат.
На працягу сваёй місіі Хрыстус часта занураўся ў малітву, бо дыялог з Айцом быў распаленым ядром усяго Яго існавання», — заўважыў Пантыфік, распачынаючы апошнюю катэзеху з цыклу, прысвечанага малітве. Разважаннямі на гэтую тэму Папа дзяліўся з вернікамі кожную сераду, пачынаючы з 6 мая мінулага года, нагадвае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Папа Францішак падкрэсліў, што яшчэ больш інтэнсіўнай і гарачай малітва Езуса стала ў хвіліну Яго мукі і смерці. «Гэтыя кульмінацыйныя падзеі з’яўляюцца цэнтрам хрысціянскага прапаведвання: гэтыя апошнія гадзіны, перажытыя Езусам у Ерузалеме, з’яўляюцца сэрцам Евангелля не толькі таму што евангелісты пакінулі ім прапарцыйна большае месца, але таксама таму, што смерць і ўваскрасенне, як бліскавіца, праліваюць святло на ўсё астатняе жыццё Езуса. Ён не быў філантропам, якога турбавалі пакуты і хваробы людзей, але кімсьці значна большым», — сказаў Святы Айцец.
«У Ім прысутнічае не проста дабрыня, але нешта большае, у ім прысутнічае збаўленне, прычым не эпізадычнае, якое выбаўляе мяне ад хваробы ці хвіліны адчаю, але поўнае збаўленне: месіянскае, якое дазваляе спадзявацца на канчатковую перамогу жыцця над смерцю», — дадаў Папа.
Ён адзначыў, што ў дні апошняй Пасхі Езуса можна ўбачыць Яго цалкам занураным у малітву. «Ён моліцца драматычным чынам у Гетсэманскім садзе, ахоплены смяротнай трывогай. І тым не менш, менавіта ў гэты момант Езус звяртаецца да Бога, называючы Яго Абба — Тата. Гэтае слова на арамейскай мове, якая была мовай Езуса, выражае блізкасць і давер. Адчуваючы згушчэнне цемры вакол сябе, Езус пераадольвае яе гэтым кароткім словам: Абба, Тата...», — заўважыў пастрыр паўсюднага Касцёла.
Папа звярнуў увагу на тое, што Езус маліўся таксама на крыжы, «змрочна ахутаны маўчаннем Бога». «Нягледзячы на гэта на Яго вуснах яшчэ раз з’яўляецца слова „Ойча“. Гэта самая мужная малітва, бо на крыжы Езус становіцца абсалютным заступнікам: моліцца за іншых, моліцца за ўсіх, нават за тых, хто яго асудзіў, але ніхто, акрамя няшчаснага разбойніка, не стаў на Яго бок. Усе былі або супраць Яго, або абыякавымі… „Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць“ (Лк 23, 34).
У разгар драмы, у пакутным болю душы і цела, Езус моліцца словамі псальмаў; разам з беднымі свету, асабліва з тымі, хто быў забыты ўсімі, Ён прамаўляе надзвычай трагічныя словы Псальма 22 (21): „Божа мой, Божа мой, чаму Ты Мяне пакінуў?“ Ён адчуваў пакінутасць і маліўся…» — нагадаў Папа.
«Малітва Езуса — моцная, малітва Езуса — выключная. Яна становіцца прыкладам для нашай малітвы. Езус маліўся за ўсіх, маліўся таксама за мяне і за кожнага з вас. Кожны з нас можа сказаць: «Езус на крыжы маліўся за мяне», — дадаў Пантыфік, запэўніваючы, што «нават падчас нашых самых балючых пакут, мы ніколі не застаемся самі».
Завяршаючы катэхезу, Папа заклікаў памятаць пра тое, што мы не толькі молімся, але таксама былі «вымалены», былі прынятыя ў дыялог Езуса з Айцом, еднасць Святога Духа.
«Езус моліцца за мяне: кожны з нас можа ўкласці гэта ў сваё сэрца, не забываць пра гэта нават у самыя кепскія моманты…», — сказаў Папа, заклікаючы ісці па жыцці з адвагай, праслаўляючы Бога і ўсведамляючы, што Езус маліўся за нас да Айца.