31 мая Папа Францішак правёў малітву Ружанца на заканчэнне «малітоўнага марафону» ў інтэнцыі спынення пандэміі каранавірусу, аднаўлення грамадскага жыцця і прафесійнай дзейнасці.
«Працягнем прасіць Пана, каб бараніў увесь свет ад пандэміі, і каб як мага хутчэй усім без выключэння была дадзена магчымасць знайсці паратунак з дапамогай вакцыны», — маліўся Пантыфік перад копіяй абраза Маці Божай, якая развязвае вузлы, прывезенай з Германіі.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, ва ўрачыстай працэсіі ікона была дастаўлена на вызначанае месца ў Ватыканскіх садах і ўстаноўлена на пастаменце на фоне купала базылікі святога Пятра. Яе суправаджалі дзеці з Вітэрба, якія нядаўна прынялі Першую Камунію, нядаўна канфірмаваная моладзь, скаўты, сем’і і законніцы, а ганаровую варту неслі папскія гвардзейцы і жандары. Узначальваў працэсію біскуп Аўгсбургскі Бертрам Ёханес Маер.
«Сёння ўвечары мы збіраемся вакол Цябе, наша Панна і Маці, шанаваная ў гэтым абразе як Тая, якая развязвае вузлы.
Насамрэч, ёсць вельмі шмат вузлоў, якія сплятаюцца вакол нашага жыцця і звязваюць нашу дзейнасць. Гэта вузлы эгаізму і абыякавасці, эканамічныя і грамадскія вузлы, вузлы насілля і вайны», — сказаў Папа.
У ружанцовай малітве пастыр паўсюднага Касцёла даручыў Панне Марыі аздараўленне параненых адносін паміж людзьмі, праблему беспрацоўя, хатняга насілля і сацыяльнай напружанасці, хваробы і чалавечае развіццё, а таксама душпастырскія выклікі. Потым Папа Францішак каранаваў абраз Багародзіцы каштоўнай каронай.
Ружанцовы марафон аб спыненні пандэміі праходзіў у Каталіцкім Касцёле з 1 па 31 мая. Старт яму даў Святы Айцец малітвай у базыліцы святога Пятра. Потым кожны дзень Ружанец праводзіўся ў адным з трыццаці марыйных санктуарыяў свету. Вернікі з розных краін маглі ўдзельнічаць у ім, дзякуючы прамой трансляцыі ў эфіры ватыканскіх СМІ.