Пошук

31.05.2021 16:11   Паводле: Vatican News
Фота: Alberto Pizzoli / AFP

30 мая Папа Францішак правёў традыцыйную нядзельную малітву «Анёл Панскі», у якой узялі ўдзел вернікі, сабраныя на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане. Ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы Пантыфік нагадаў пра пакліканне вернікаў да адзінства, якое нараджаецца з любові і павінна быць адметнай рысай хрысціянаў.

«Бог ёсць любоў, таму нават будучы адным і адзіным, Ён не з’яўляецца самотнасцю, але еднасцю»,— падкрэсліў Папа Францішак, словы якога прыводзіць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Гаворачы аб прыродзе Найсвяйцейшай Тройцы, Пантыфік нагадаў, што любоў — гэта дар самога сябе, таму Айцец дорыць сябе ў Сыне, Сын дорыць сябе Айцу, а іх узаемная любоў і повязь адзінства — гэта Дух Святы. «Таямніцу Тройцы цяжка зразумець, але ёю трэба жыць», — дадаў Папа Францішак.

Таямніца Тройцы, як нагадаў Святы Айцец, была адкрыта самім Езусам, які паказаў нам «аблічча Бога як міласэрнага Айца»; прадставіў самаго Сябе, як «сапраўднага чалавека, Божага Сына і Слова Айца»; і распавёў пра Святога Духа, які «паходзіць ад Айца і Сына» і з’яўляецца «Духам Праўды, Духам Параклітам — нашым Суцяшыцелем і Абаронцам».

«І калі Езус аб’явіўся апосталам пасля ўваскрасення, Ён паслаў іх евангелізаваць „усе народы і хрысціць іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога“ (Мц 28, 19).

Такім чынам сённяшняе свята дапамагае нам сузіраць гэтую цудоўную таямніцу любові і святла, ад якой мы паходзім, і да якой скіраваны наш зямны шлях»,— падкрэсліў Папа Францішак.

«У евангельскім абвяшчэнні і ў кожнай форме хрысціянскай місіі немагчыма абстрагавацца ад адзінства, да якога заклікаў Езус, — адзінства паміж намі на ўзор Айца, Сына і Святога Духа. Прыгажосць Евангелля патрабуе, каб мы перажывалі і сведчылі адзінства і згоду паміж намі, вельмі рознымі», — нагадаў Святы Айцец, падкрэсліўшы, што адзінства «нараджаецца з любові, з міласэрнасці Бога, з апраўдання ў Езусе Хрысце і з прысутнасці Святога Духа ў нашых сэрцах».

«Найсвяцейшая Марыя ў сваёй прастаце і пакоры адлюстроўвае прыгажосць адзінага ў Тройцы Бога, бо цалкам прыняла Езуса ў сваё жыццё. Няхай Яна падтрымлівае нашу веру, робячы нас людзьмі, якія ўшаноўваюць Бога і служаць братам», — пажадаў Святы Айцец.

Абноўлена 31.05.2021 16:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа