Пошук

28.05.2021 09:38   Кс. Аляксандр Амяльчэня / Vatican News
Арцыбіскуп Артур Рошэ. Фота: Bohumil Petrik / CNA / EWTN

27 мая Папа Францішак здзейсніў важныя прызначэнні ў Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. Змяніўся практычна ўвесь кіраўнічы склад гэтай ватыканскай дыкастэрыі, якая займаецца пытаннямі літургічнага жыцця Касцёла.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец прызначыў арцыбіскупа Артура Рошэ прэфектам Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. Англійскі іерарх з 2012 г. быў Сакратаром гэтай дыкастэрыі. Цяпер яго месца зойме італьянскі францішканін арцыбіскуп Віторыё Франчэско Віёла. Новы Сакратар да гэтага часу быў пастырам дыяцэзіі Тартона ў Італіі.

Змяніўся і памочнік сакратара Кангрэгацыі. Пантыфік прызначыў на гэтую пасаду кс. Аўрэліё Гарсію Марсіяса, іспанца, які раней кіраваў адным з аддзелаў у дыкастэрыі. Папа ўзвёў яго ў сан біскупа.

Нагадаем, што 20 лютага Святы Айцец прыняў адстаўку папярэдняга кіраўніка ватыканскага ведамства кардынала Рабэра Сара.

Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў (Congregatio de Cultu Divino et Disciplina Sacramentorum) была заснавана ў 1975 г. Паўлам VI праз зліццё Кангрэгацыі Божага Культу і Кангрэгацыі Сакрамэнтаў. Гістарычна яна звязана з Кангрэгацыяй Абрадаў, створанай Сікстам V у 1588 г.

Дыкастэрыя займаецца літургічнымі тэкстамі, праверкай перакладаў богаслужбовых тэкстаў на нацыянальныя мовы, а таксама пытаннямі касцёльнай музыкі. У яе склад уваходзяць: Спецыяльная камісія па разглядзе выпадкаў юрыдычнай несапраўднасці пасвячэння і дыспенсацыі ад абавязкаў дыякана і святара, а таксама Спецыяльная камісія па разглядзе выпадкаў дыспенсацыі благаслаўлёнага Касцёлам, але не завершанага сужэнства.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа