Пошук

19.05.2021 16:14   Паводле: Vatican News
Фота: famigliacristiana.it

Цяжкасцям, якія даводзіцца перажываць у малітве, прысвяціў сваю катэхезу Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 19 мая прайшла ва ўнутраным дворыку святога Дамаса ў Ватыкане.

«Маліцца нялёгка. Падчас малітвы ўзнікае шмат складанасцяў. Трэба іх ведаць, вызначаць і перамагаць», — перадае словы Папы Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Першай перашкодай Святы Айцец назваў няўважлівасць.

Яна часта спадарожнічае малітве, бо «чалавечаму розуму цяжка падоўгу быць засяроджаным на адной думцы».

«Мы ўсе сустракаемся з няспынным вірам вобразаў і ілюзій, якія знаходзяцца ў пастаянным руху і суправаджаюць нас нават падчас сну», — звярнуў увагу Пантыфік.

«Барацьба за здабыццё і захаванне канцэнтрацыі датычыцца не толькі малітвы. Без дастатковага ўзроўню засяроджанасці немагчыма плённа вучыцца і добра працаваць. Спартсмены ведаюць, што перамогі ў спаборніцтвах здабываюцца не толькі дзякуючы фізічным трэніроўкам, але таксама дзякуючы разумовай дысцыпліне, асабліва здольнасці быць сканцэнтраванымі і захоўваць увагу», — нагадаў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што «няўважлівасць не з’яўляецца правінай», але з ёй трэба змагацца з дапамогай цноты, якая прысутнічае ў спадчыне нашай веры і шматразова ўзгадваецца ў Евангеллі, але часта застаецца забытай: гаворка ідзе пра чуйнасць.

Езус нярэдка заклікаў сваіх вучняў чуваць з думкай пра тое, што раней ці пазней Ён вернецца, як жаніх з вяселля ці як гаспадар з падарожжа.

«Не ведаючы, аднак, ні дня, ні гадзіны Яго вяртання, усе хвіліны нашага жыцця з’яўляюцца каштоўнымі і таму не павінны растрачвацца ў няўважлівасці. У пэўны момант, якога не ведаем, зноў прагучыць голас нашага Пана: у той дзень, шчаслівымі будуць слугі, якіх Ён знойдзе за працай, засяроджанымі на тым, што па-сапраўднаму важнае», — сказаў Папа.

«Гэта людзі, якія не распыляліся ў пагоні за кожнай прынадай, што ўзнікала ў іх думках, але намагаліся ісці слушным шляхам, добра выконваючы свае абавязкі», — дадаў Святы Айцец

Другая цяжкасць, якая ўзнікае ў малітве — гэта чэрствасць, «калі сэрца застаецца неадчувальным і не шукае думак, успамінаў і пачуццяў нават духоўнага характару».

«Часта мы не ведаем, у чым прычына чэрствасці: яна можа залежаць ад нас саміх, а можа і ад Бога, які дазваляе, каб здараліся пэўныя сітуацыі ў знешнім і ўнутраным жыцці. Духоўныя настаўнікі апісваюць досвед веры як пастаяннае чаргаванне перыядаў суцяшэння і спустошанасці; перыядаў, калі ўсё даецца лёгка, і тых, якія пазначаны глыбокай прыгнечанасцю», — патлумачыў Пантыфік.

Нарэшце трэцяя цяжкасць — гэта стомленасць, якая з’яўляецца «сапраўднай спакусай супраць малітвы» і «супраць хрысціянскага жыцця».

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла апісвае яе як «форму духоўнай ляноты, выкліканай аслабленнем пільнасці і занядбаннем аховы сэрца»; умацаваная самаўпэўненасцю, яна можа нават прывесці да духоўнай смерці.

«Што ж рабіць, калі мы сутыкаемся з гэтым чаргаваннем запалу і прыгнечанасці? Трэба навучыцца заўсёды працягваць дарогу. Сапраўдны прагрэс у духоўным жыцці не заключаецца ў памнажэнні выпадкаў духоўнага экстазу, але ў здольнасці быць пастаяннымі ў складаныя перыяды», — сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў прыпавесць пра дасканалую радасць, у якой святы Францішак Асізскі вучыў, што добрыя якасці манаха вымяраюцца «не бясконцымі поспехамі, якія, як дождж, падаюць з неба», але здольнасцю з пастаянствам крочыць наперад, «нават калі нас не прызнаюць, калі зневажаюць, калі ўсё згубіла першапачатковы смак».

«Усе святыя праходзілі праз гэтую „цёмную даліну“, таму не трэба абурацца, калі, чытаючы іх дзённікі, пачуем водгукі пра вечары, у якія яны маліліся без ахвоты, без адчування смаку малітвы. Трэба навучыцца казаць: „Нават калі здаецца, што Ты, мой Божа, робіш усё, каб я перастаў верыць у Цябе, я ўсё роўна буду працягваць маліцца да Цябе“.

Вернікі ніколі не спыняюць малітву! Часам яна можа станавіцца падобнай на малітву Ёва, які не прымаў несправядлівых адносін Бога да сябе, пратэставаў і наракаў на Яго», — сказаў Святы Айцец.

Папа Францішак заўважыў, што абурэнне на Бога таксама можа быць малітвай. Ён запэўніў, што Пан абавязкова выслухае маўклівыя просьбы і пытанні «чаму?», якія людзі ўзносяць да Яго ў час спустошанасці. «І нават нашы самыя вострыя і горкія словы Ён збярэ з любоўю бацькі, і будзе лічыць іх актам веры, малітвай», — падкрэсліў на заканчэнне катэхезы Пантыфік.

Абноўлена 19.05.2021 16:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа