6 мая ў Ватыкане было прадстаўлена пасланне Святога Айца на 107-ы Сусветны дзень мігранта і бежанца, які будзе адзначацца ў Касцёле 26 верасня.
На пачатку паслання пад назвай «Да ўсё большага „мы“» Папа Францішак прыводзіць словы з энцыклікі Fratelli tutti: «Пасля заканчэння крызісу ў сферы здароўя найгоршай рэакцыяй было б яшчэ большае ўваходжанне ў ліхаманку спажывальніцтва і ў новыя формы эгаістычнага самазахавання. Дай Бог, каб урэшце не было ўжо „іншых“, а толькі „мы“».
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік звяртае ўвагу на тое, што Бог стварыў чалавека як мужчыну і жанчыну рознымі і ўзаемадапаўняльнымі, стварыў на свой вобраз — Адзінага ў Тройцы, — пакліканымі разам утвараць «мы». Калі чалавек аддаліўся ад Бога, Створца прапанаваў шлях прымірэння не асобным індывідам, а народу: «нам», якое ўключае ўсю чалавечую сям’ю.
«Такім чынам, у гісторыі збаўлення „мы“ знаходзімся і напачатку і напрыканцы, а пасярэдзіне — таямніца Хрыста, памерлага і ўваскрослага, „каб усе былі адно“», — напісаў Святы Айцец.
Як адзначаецца ў пасланні, жаданае Богам адзінства было «парушана і падзелена, паранена і зняважана», што асабліва заўважальна ў моманты вялікіх крызісаў, такіх як сучасны, звязаны з пандэміяй.
«Закрытыя і агрэсіўныя формы нацыяналізму і радыкальнага індывідуалізму расколваюць ці раздзяляюць нас, як у свеце, так і ўнутры Касцёла. А самы высокі кошт плацяць тыя, хто вельмі лёгка можа ператварыцца ў „іншых“: замежнікі, мігранты, маргіналізаваныя, якія жывуць на экзістэнцыяльных перыферыях», — падкрэслівае Папа Францішак і заклікае католікаў і ўсіх людзей добрай волі імкнуцца да ўсё большага «мы».
Пантыфік жадае, каб Касцёл станавіўся ўсё больш «каталіцкім», каб «прымаў усіх, каб ствараў адзінства ў разнастайнасці, гарманізуючы адметнасці і ніколі не навязваючы аднолькавасці».
Святы Айцец падкрэслівае, што дзякуючы сустрэчы з адметнасцямі замежнікаў, мігрантаў, бежанцаў і міжкультурнаму дыялогу мы атрымліваем «магчымачыць узрастаць як Касцёл, узбагачаючы адзін аднаго».
«Сёння Касцёл пакліканы выйсці на вуліцы экзістэнцыяльных перыферый, каб клапаціцца аб параненых і шукаць згубленых, без забабонаў і страху, без празелітызму, а з гатоўнасцю пашырыць свой шацёр, каб прыняць усіх.Сярод жыхароў перыферый мы знойдзем мноства абяздоленых мігрантаў і бежанцаў, ахвяраў гандлю людзьмі, якім Пан прагне паказаць сваю любоў і абвясціць сваё збаўленне», — сцвярджае Пантыфік.
Святы Айцец заклікаў усіх жыхароў свету разам будаваць будучыню справядлівасці і міру, пільнуючы, каб ніхто не застаўся выключаным. «Сучасная міграцыя дае магчымасць перамагчы нашы страхі, дазваляе ўзбагаціцца разнастайнасцю таго дару, якім з’яўляецца кожны з нас», — чытаем у папскім пасланні.
«Мы павінны імкнуцца да ўсё большага і ўзаемаадказнага „мы“, з моцным перакананнем, што кожнае дабро, зробленае для свету, было зроблена для сучасных і будучых пакаленняў», — дадае Папа Францішак.
Пантыфік заклікаў «не баяцца марыць і рабіць гэта разам як адна чалавечая сям’я, як спадарожнікі на адным шляху, як сыны і дочкі адной зямлі, якая з’яўляецца нашым супольным домам; мы ўсе — браты і сёстры».
Сваё пасланне Святы Айцец завяршыў малітвай, каб усе, хто спазнаў адчужэнне, былі зноў прынятыя ў нашае «мы», якое будзе станавіцца ўсё большым.