Пошук

29.04.2021 11:11   Паводле: Vatican News
Фота: telepace.it

Медытацыйная малітва дазваляе хрысціянам сустрэцца з Езусам і такім чынам зноў знайсці саміх сябе, падкрэсліў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 28 красавіка прайшла ў Ватыкане.

«Медытаваць для хрысціяніна значыць станавіцца перад вялікай старонкай Аб’яўлення», спрабуючы цалкам засвоіць яе, каб Божае слова магло сустрэцца з «кнігай жыцця», — сказаў ва ўступе да катэхезы Святы Айцец.

Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа Францішак заўважыў, што на медытацыю ў апошні час скіравана вялікая ўвага. Пра яе гавораць не толькі хрысціяне: медытацыйныя практыкі існуюць амаль ва ўсіх рэлігіях свету, і імі карыстаюцца людзі, якія не маюць рэлігійнага погляду на жыццё. «Усе мы маем патрэбу ў медытацыі, разважанні, адшуканні саміх сябе», — дадаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што людзі шукаюць у медытацыі «заслоны ад штодзённага стрэсу і пусткі, што пашыраецца паўсюль».

«Гэта феномен, на які трэба паглядзець з прыхільнасцю: сапраўды, мы існуем не для таго, каб няспынна бегчы; мы маем духоўнае жыццё, якое не можа быць занядбана. Метыдацыя — гэта патрэба ўсіх», — сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што ў хрысціянскім кантэксце медытацыя мае асаблівую рысу: яна скіраваная на сустрэчу з Богам. «Калі хрысціянін моліцца, ён не шукае поўнай духоўнай празрыстасці, не шукае найглыбейшай часткі свайго „я“. Гэта дазваляецца, але хрысціянін шукае іншага. Малітва хрысціяніна — гэта ў першую чаргу сустрэча з Іншым з вялікая літары: трансцэндэнтная сустрэча з Богам. Калі малітоўны досвед дае нам духоўны супакой ці самавалоданне, або пралівае святло на шлях, якім павінны прайсці, то гэтыя вынікі з’яўляюцца, можна сказаць, спадарожнымі плёнамі ласкі хрысціянскай малітвы, якая ёсць сустрэчай з Езусам», — патлумачыў пастыр паўсюднага Касцёла.

Слова «медытацыя» на працягу гісторыі мела розныя значэнні і нават у хрысціянстве датычыцца розных духоўных досведаў і метадаў. Галоўнае ў ёй — гэта з дапамогай Святога Духа рухацца наперад па «адзінаму шляху малітвы», якім з’яўляецца Езус Хрыстус.

«Такім чынам, ёсць шматлікія метады хрысціянскай медытацыі: некаторыя вельмі простыя, іншыя — больш складаныя; некаторыя падкрэсліваюць інтэлектуальнае вымярэнне асобы, іншыя, галоўным чынам, — пачуццёвае і эмацыйнае. Усё гэта метады. Яны важныя і годныя практыкавання, калі дапамагаюць досведу веры стаць справаю, якая ахоплівае ўсю асобу: не моліцца толькі розум чалавека ці толькі яго пачуцці, а ўвесь чалавек», — сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў памятаць, што метад — гэта толькі шлях, а не мэта: кожны метад малітвы, каб быць хрысціянскім, павінен стаць часткай sequela Christi — наследавання Хрыста, у якім заключана сутнасць нашай веры.

«Метады медытацыі — гэта шляхі, якімі трэба ісці, каб прыйсці да сустрэчы з Езусам, але калі спынішся на дарозе і будзеш толькі глядзець на яе, ніколі не знойдзеш Езуса. Зробіш „бажка“ з дарогі», — папярэдзіў Пантыфік. Ён нагадаў словы Катэхізіса, пра тое, што медытацыя дапамагае задзейнічаць думкі, уяўленне, эмоцыі і жаданне.

Такая мабілізацыя неабходная для паглыблення ўпэўненасці ў веры, навяртання сэрца і ўмацавання рашучасці ісці за Хрыстом. Пантыфік звярнуў увагу на тое, што хрысціянская малітва аддае перавагу медытацыі аб «таямніцах Хрыста.

Святы Айцец дадаў, што ласка хрысціянскай малітвы дазваляе вернікам атаясаміць сябе з кожным момантам зямнога жыцця Езуса. «Дзякуючы Святому Духу, які з’яўляецца правадніком, таксама і мы прысутнічаем на беразе ракі Ярдан, калі Езус пагружаецца ў яе, каб атрымаць хрост. Таксама і мы прысутнічаем за святочным сталом на вяселлі ў Кане, калі Езус дорыць найлепшае віно дзеля шчасця маладажонаў. Таксама і мы з захапленнем назіраем за тысячамі аздараўленняў, здзейсненых Настаўнікам. У малітве ўсе мы з’яўляемся ачышчаным пракажоным, сляпым Бартымеем, да якога вярнуўся зрок, Лазарам, які выходзіць з магілы…

Не існуе такой старонкі Евангелля, на якой не знайшлося б месца для нас. Медытацыя для нас, хрысціянаў, гэта спосаб сустрэцца з Езусам і такім чынам — толькі такім — зноў знайсці саміх сябе», — завяршыў катэхезу Папа Францішак.

Абноўлена 29.04.2021 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця