21 красавіка падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў форме відэатрансляцыі з ватыканскага Апостальскага палаца, Папа Францішак нагадаў пра каштоўнасць вуснай малітвы.
Ва ўступе Пантыфік падкрэсліў, што малітва — гэта дыялог з Богам, і ў пэўным сэнсе з Богам размаўляе кожнае стварэнне. «У чалавеку малітва становіцца словам, заклікам, спевам, паэзіяй... Божае слова стала целам, а ў целе кожнага чалавека слова вяртаецца да Бога ў малітве», — адзначыў Папа, якога цытуе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
«Словы малітвы даюць магчымасць бяспечна прайсці праз цёмную даліну, скіроўваюць на зялёныя пашы, багатыя водамі, дазваляючы спажываць са стала на вачах ворага, як вучыць нас псальм (пар. Пс 23 (22)). Словы нараджаюцца з пачуццяў, хоць ёсць і адваротны шлях, на якім словы ствараюць пачуцці. Біблія вучыць чалавека рабіць так, каб усё выходзіла на святло праз слова, каб нічога чалавечага не выключалася», — сказаў Папа.
«Асабліва небяспечнымі з’яўляюцца пакуты, калі яны застаюцца ў таямніцы, закрытымі ўнутры нас...
Боль, закрыты ўнутры нас, які не можа знайсці выхаду ці разрадкі, можа атруціць душу, ён смяротны»,— перасцярог Папа Францішак.
Пантыфік заўважыў, што Святое Пісанне вучыць маліцца адважнымі словамі. «Святыя аўтары не ствараюць ілюзій адносна чалавека: яны ведаюць, што ў яго сэрцы жывуць і не вельмі канструктыўныя пачуцці, нават нянавісць. Ніхто з нас не нараджаецца святым, а калі гэтыя кепскія пачуцці стукаюць у дзверы нашага сэрца, трэба ўмець абясшкодзіць іх праз малітву і Божае слова.
У псальмах мы знаходзім вельмі суровыя словы, скіраваныя супраць ворагаў — выразы, якія духоўныя настаўнікі вучаць ужываць да д’ябла і нашых грахоў, — і тым не менш, гэта словы, якія належаць чалавечай рэчаіснасці і якія трапілі ў Святое Пісанне. Яны ёсць тут, каб засведчыць нам: калі б перад абліччам насілля не было словаў, здольных абясшкодзіць кепскія пачуцці, скіроўваючы іх так, каб не рабілі шкоду, гэтымі пачуццямі быў бы напоўнены ўвесь свет», — сказаў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што першая малітва чалавека была вуснай.
«Вусная малітва з’яўляецца самай надзейнай і прыдатнай. Пачуцці, аднак, якімі б высакароднымі яны ні былі, заўсёды няпэўныя: яны прыходзяць і знікаюць, пакідаюць нас і вяртаюцца. І не толькі яны. Непрадказальнымі з’яўляюцца і дары малітвы: часам яны багатыя суцяшэннем, а ў самыя цёмныя дні, здаецца, знікаюць.
Малітва сэрца — таямнічая і часам схаваная. Вусная ж малітва, ціхая і супольная, заўсёды даступная і неабходная, як фізічная праца», — заўважыў Пантыфік.
Абапіраючыся на Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, Папа Францішак нагадаў, што «вусная малітва з’яўляецца неад’емнай часткай хрысціянскага жыцця». Таксама «Езус вучыць апосталаў, якіх прываблівала маўклівая малітва іх Настаўніка, вуснай малітве „Ойча наш…“».
«Мы ўсе павінны мець пакору некаторых пажылых людзей, якія ў касцёле, магчыма, таму што іх слых ужо не такі добры, напаўголаса прамаўляюць малітвы, якія вывучылі яшчэ ў дзяцінстве, напаўняючы муры шэптам. Такая малітва не парушае цішыні, а сведчыць пра іх вернасць абавязку малітвы... Гэтыя людзі пакорнай малітвы часта з’яўляюцца вялікімі заступнікамі парафій: яны — дубы, чые галіны з году ў год разрастаюцца, каб стварыць цень для ўсё большай і большай колькасці людзей. Толькі Бог ведае, калі і наколькі іх сэрцы былі з’яднаныя з тымі малітвамі, якія яны прамаўлялі: несумненна, і яны перажывалі ночы і хвіліны спусташэння. Аднак вуснай малітве можна заўсёды быць вернымі», — лічыць Папа.
Святы Айцец паставіў у прыклад пастаянства «рускага пілігрыма, пра якога кажа славуты духоўны трактат; ён засвоіў мастацтва малітвы, паўтараючы бясконцую колькасць разоў адзін і той жа заклік: „Пане, Езу Хрысце, Сыне Божы, змілуйся нада мною грэшным“».
«Аднойчы яго малітва была такой гарачай, што дазволіла адчуць прысутнасць Валадарства тут, сярод нас, і яго позірк перамяніўся да такой ступені, што стаў як позірк дзіцяці, і гэта таму, што ён быў настойлівым у паўтарэнні простага хрысціянскага закліку. Урэшце, гэтыя словы сталі часткай яго дыхання», — звярнуў увагу Папа.
«Таму не варта пагарджаць вуснай малітвай, — заклікаў Пантыфік. —
Прамоўленыя словы бяруць нас за руку, у пэўны момант вяртаюць нам смак, абуджаюць нават самае соннае сэрца, ажыўляюць пачуцці, пра якія мы забыліся, і вядуць нас за руку на спатканне з Богам. Але перш за ўсё менавіта яны надзейным чынам скіроўваюць да Бога просьбы, якія Ён прагне пачуць. Езус не пакінуў нас у тумане. Ён сказаў нам: „Вы так маліцеся“, і навучыў малітве „Ойча наш…“ (пар. Мц 6, 9)», — завяршыў катэхезу Святы Айцец.