
Магчыма, натхненне для таямніц святла польскі Папа Рымскі знайшоў у адным са святых, якога ён беатыфікаваў за год да напісання свайго Апостальскага ліста Rosarium Virginis Mariae.
Калі католікі моляцца Ружанец, яны разважаюць, пераходзячы ад пацеркі да пацеркі, пра розныя падзеі з жыцця Езуса Хрыста. Гэтыя разважанні традыцыйна называюцца «таямніцамі» і былі ўпершыню распрацаваныя святым Дамінікам у 1214 годзе.
Першапачаткова святы Дамінік увёў гэтыя таямніцы як катэхетычны метад для навучання тых, хто быў уведзены ў зман альбігойскай ерассю. Ён згрупаваў іх у тое, што цяпер вядома як радасныя, балесныя і хвалебныя таямніцы, імкнучыся наблізіць вернікам ключавыя моманты жыцця Езуса.
Таямніцы святла
Разважаючы гэтыя таямніцы, святы Ян Павел II звярнуў увагу на прабел, не ахоплены трыма традыцыйнымі групамі. У сваім апостальскім лісце Rosarium Virginis Mariae («Ружанец Панны Марыі») у 2002 годзе ён пісаў:
«Аднак я лічу, што для таго, каб развіць хрысталагічнае вымярэнне Ружанца, слушным было б дапаўненне, якое (пакінутае свабоднаму выбару асобаў і супольнасцяў) дазволіла б ахапіць таксама таямніцы публічнага жыцця Хрыста паміж хростам у Ярдане і мукаю» (19).
Ян Павел II хацеў, каб ружанец стаў «пераказам Евангелля», які ўключае «разважанні аб некаторых асабліва важных момантах публічнага жыцця Езуса (таямніцы святла)». Гэтыя разважанні былі прапанаваныя наступным чынам:
- Хрост Езуса ў Ярдане;
- Езус аб’яўляе сябе на вяселлі ў Кане;
- Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання;
- Перамяненне Езуса на гары Табор;
- Устанаўленне Эўхарыстыі.
Крыніца натхнення
Цікава, што, хоць Папа Ян Павел ІІ ніколі публічна не заяўляў пра крыніцу гэтага натхнення, годам раней, у 2001 годзе, ён беатыфікаваў Джорджа Прэка, кармэліцкага святара з Мальты.
У біяграфіі, выдадзенай Апостальскай Сталіцай, адзначаецца, што Прэка «ў 1957 годзе... прапанаваў выкарыстоўваць пяць “таямніц святла” для асабістага чытання Ружанца».
Дзень памяці святога Джорджа Прэка адзначаецца 9 мая (кананізаваны ў 2007 годзе).
На думку кармэлітаў, падзел Прэка «таямніц святла» мае дзівоснае падабенства з падзелам Яна Паўла II:
- Пасля хросту ў Ярдане Езус быў выведзены Духам у пустыню;
- Езус адкрывае сябе як сапраўднага Бога словам і цудамі;
- Езус вучыць Благаслаўленням на гары;
- Езус перамяняецца на гары;
- Езус здзяйсняе сваю Апошнюю вячэру з апосталамі.
Ян Павел II так і не раскрыў, ці натхніў яго на гэтае рашэнне Джордж Прэка, але можна сказаць, што абодва святыя ўбачылі магчымасць зрабіць так, каб Ружанец паўней адлюстроўваў жыццё Хрыста.
Хоць увядзенне таямніц святла ў ружанцовую малітву мае вагу папскага адабрэння, Ян Павел II таксама ясна даў зразумець, што тое, што ён прапануе, не з'яўляецца навязваннем асабістай пабожнасці:
«Аднак гэтая рэкамендацыя не павінна абмяжоўваць слушнай свабоды асабістай і супольнай медытацыі, з улікам духоўных і душпастырскіх патрэбаў, а перадусім — літургічных датаў, якія могуць падказваць больш адпаведныя дастасаванні. Сапраўды, вельмі важна тое, каб Ружанец усё больш успрымаўся і перажываўся як дарога кантэмпляцыі» (38).
Такім чынам Ян Павел II хацеў яшчэ больш дапамагчы з малітвай кожнаму і ўдыхнуць новае жыццё ў любімую традыцыю. Ён бачыў у таямніцах святла спосаб для вернікаў паўней увайсці ў жыццё Езуса — «сапраўдныя ўводзіны ў глыбіню Сэрца Езуса Хрыста, акіяну радасці і святла, болю і хвалы» (19).







