Пошук

21.10.2024 15:13   Тэкст: кс. Віталь Міснікевіч, Ірына Драбоцкая / Фота: бр. Корнэль Консэк SVD / Catholic.by

19 кастрычніка, за некалькі дзён да літургічнага ўспаміну святога Яна Паўла ІІ, які будзе адзначацца ў бліжэйшы аўторак, у мікрараёне Бараўкі ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія) адбылося пасвячэнне касцёла ў гонар гэтага святога Папы.

Пасвячэнне новай святыні — першай пад такім тытулам у Беларусі, — а таксама алтара здзейсніў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

На парозе касцёла пастыра дыяцэзіі прывітаў пробашч парафіі ксёндз Віталь Міснікевіч, а таксама мясцовыя вернікі. Урачыстая літургія распачалася з малітвы перад уваходам у касцёл і сімвалічнага адкрыцця дзвярэй святыні.

У прамоўленай гаміліі біскуп Дзям’янка заахвоціў парафіянаў цаніць той асаблівы Божы дар, якім з’яўляецца парафіяльны касцёл — месца асаблівага яднання чалавека з Богам, напаўлення Яго ласкамі ў святых сакрамэнтах і супольных набажэнствах.

У абрадзе пасвячэння іерарх намасціў алеем хрызмам алтар касцёла, а таксама сцены ў сімвалічных чатырох вуглах — адмысловых месцах, пазначаных крыжыкамі. На знак пасвячэння каля месцаў памазання былі запаленыя свечкі-закхейкі, якія нагадалі вернікам аб аддані ў выключную ўласнасць на Божую хвалу гэтай новай святыні.

На алтары было запалена кадзіла, што сімвалізуе малітву, якая будзе ўзносіцца да Бога з гэтага святога месца, пасля чаго алтар быў засцелены белым абрусам і на ім запалілі свечкі на знак таго, што тут ззяе святло Хрыста.

На заканчэнне ўрачыстай літургіі пасвячэння ксёндз Вiталь Мiснiкевiч выказаў словы падзякі біскупу Пінскаму Антонію Дзям’янку за падтрымку ў будаўніцтве касцёла і за яго пасвячэнне.

Таксама пробашч падзякаваў святарам і вернікам, якія прыбылі з парафій Пiнскай i Гродзенскай дыяцэзій, усім, хто прычыніўся да будаўніцтва святыні, мясцовым уладам за іх падтрымку, міжпарафіяльнаму хору горада Баранавічы, які ўпрыгожыў літургію спевам, усім вернікам парафіі святога Яна Паўла ІІ за іх руплівую працу і любоў да свайго касцёла.

На заканчэнне на алтары быў падпісаны адмычловы акт пасвячэння касцёла і алтара, пасля чаго ўсім удзельнікам гасацінныя парафіяне прапанавалі пачастунак.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа