7 красавіка, у Сусветны дзень здароўя, было абнародавана пасланне, якое падрыхтаваў прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па інтэгральным развіцці чалавека кардынал Пітэр Тарксан.
У гэтым годзе, як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, Сусветны дзень здароўя праходзіць пад дэвізам «Пабудаваць свет больш справядлівы і больш здаровы для ўсіх».
Як адзначаецца ў пасланні, няроўнасці ў ахове здароўя несправядлівыя, але з імі можна справіцца дзякуючы стратэгіям, скіраваным на забеспячэнне аднолькавага доступу да медыцыны ўсіх сацыяльных груп.
Кардынал Пітэр Тарксан падкрэслівае, што большай роўнасці ў сферы аховы здароўя можна дасягнуць толькі пры ўмове, калі багатыя краіны возьмуць на сябе маральны абавязак дапамагчы патрабуючым краінам.
«Пажаданым з’яўляецца гарантаванне паўсюднай аховы здароўя — адзінкам і ўсім грамадствам. Гэта пільная мэта, якую трэба дасягнуць, каб пабудаваць больш справядлівы, здаравейшы і лепшы свет; свет міру, пра які мы марым і які, мы верым, усцяж магчымы», — напісаў ватыканскі іерарх.
Кардынал Тарксан указвае таксама на неабходнасць адпаведнага цэласнага бачання службы аховы здароўя, якая клапоціцца пра чалавека ва ўсіх аспектах. Прэфект ватыканскай дыкастэрыі заклікаў у час пандэміі звярнуць большую ўвагу на тыя медыцынскія ўстановы, якія не атрымліваюць дзяржаўных датацый. Часта яны з’яўляюцца адзінымі цэнтрамі, дзе людзі могуць атрымаць медыцынскую дапамогу. Гэтая заўвага, між іншым, датычыцца таксама ўстановаў пры касцёлах.
У Сусветны дзень здароўя Папа Францішак, у сваю чаргу, напісаў у Твітары: «Усім, а найперш найслабейшым, патрэбна дапамога. Толькі разам мы можам пабудаваць больш справядлівы і больш здаровы свет.
Усе мы пакліканы супрацьстаяць пандэміі, а прышчэпкі з’яўляюцца асноўнай зброяй у гэтай барацьбе».