Пошук

29.03.2021 11:19   Паводле: Vatican News
Фота: AFP/Pool

28 сакавіка, у Пальмовую нядзелю, Папа Францішак узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў ватыканскай базыліцы Святога. Пятра. У сувязі з пандэміяй яна прайшла з абмежаванай колькасцю ўдзельнікаў.

У гаміліі Папа заўважыў, што літургія Пальмовай нядзелі кожны год выклікае здзіўленне: мы пераходзім ад радасці прыняцця Езуса, які ўваходзіць у Ерузалем, да болю, калі бачым Яго асуджаным на смерць і ўкрыжаваным.

«Гэты ўнутраны стан будзе суправаджаць нас на працягу ўсяго Вялікага тыдня. Увойдзем жа ў гэтае здзіўленне», — заклікаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, чым здзівіў Езус людзей: народ чакаў на Пасху магутнага вызваліцеля, які пераможа рымлянаў сілай мяча, а Езус споўніў Пасху праз ахвяру свайго жыцця. Таму людзі і змянілі воклічы праслаўлення на крык «укрыжуй».

Як адзначыў Пантыфік, словы якога прыводзіць беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, праблема была ў тым, што яны ішлі за вобразам Месіі, а не за Месіяй. Яны захапляліся Езусам, але не былі гатовыя здзівіцца Ім, бо здзіўленне — гэта адкрытасць перад іншым чалавекам і тое новае, што ён можа прынесці.

«І сёння многія захапляюцца Езусам: Ён добра казаў, любіў і прабачаў, Яго прыклад змяніў гісторыю…

Гэтыя людзі захапляюцца Хрыстом, але іх жыццё не змяняецца, бо захаплення недастаткова. Трэба ісці Яго шляхам, дазволіць, каб Ён прымусіў нас паглядзець на сябе: перайсці ад захаплення да здзіўлення», — дадаў Пантыфік.

Паводле Папы, найбольш уражвае той факт, што Езус дасягнуў хвалы шляхам прыніжэння. Ён трыумфуе, прымаючы пакуты і смерць, робіць гэта дзеля нас, каб не пакідаць нас у самоце ў моманты нашых пакут і ў хвіліну смерці.

«Бог з намі ў кожнай ране, у кожным страху: ніводнае зло, ніводны грэх не мае апошняга слова. Бог перамагае, але шлях да пальмовай галінкі ляжыць праз дрэва крыжа. Таму пальмы і крыж стаяць разам», — дадаў Пантыфік.

Папа заклікаў вернікаў маліцца аб ласцы здзіўлення, без якой хрысціянскае жыццё становіцца шэрым:

«Калі мы губляем здольнасць здзіўляцца, тады не адчуваем цуду Божай ласкі, смаку Хлеба жыцця і Божага слова, не разумеем прыгажосці братоў і дару стварэння».Святы Айцец звярнуў увагу на прыклад евангельскага сотніка, які з’яўляецца «самай цудоўнай іконай здзіўлення». Гэты чалавек бачыў, як паміраў Езус. Ён бачыў, што нават у муках Хрыстус працягваў любіць; Ён здолеў напоўніць любоўю нават смерць. У гэтай бескарыслівай і нечуванай любові сотнік, будучы язычнікам, знайшоў Бога, а яго словы — «сапраўды, Чалавек гэты быў Сынам Божым» (Мк 15,39) — сталі пячаткай мукі Пана.

«Многія да яго ў Евангеллі, захапляючыся Езусам з прычыны Яго цудаў, прызнавалі Яго Божым Сынам, але Езус забараняў ім казаць пра гэта, бо існавала рызыка спыніцца на павярхоўным захапленні; на ідэі Бога, якому трэба пакланяцца, якога трэба баяцца за Яго магутнасць і жудаснасць. Цяпер жа гэта не так.

Пад крыжам больш немагчыма памыліцца: Бог паказаў сябе і валадарыць выключна бяззбройнай сілай любові, якая абяззбройвае», — падкрэсліў Святы Айцец.

Абноўлена 29.03.2021 11:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа