15 сакавіка па даручэнні Папы Францішка быў абнародаваны разгорнуты адказ Кангрэгацыі Веравучэння адносна сумневаў у справе магчымасці касцёльнага благаслаўлення гомасексуальных саюзаў.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, пытанне гучала так: «Ці мае Касцёл паўнамоцтвы ўдзяляць благаслаўленне саюзам асоб аднаго полу?»
Адказ быў дадзены адмоўны.
Гэта значыць, што святарам не дазваляецца благаслаўляць гомасексуальныя пары, якія просяць аб своеасаблівым «рэлігійным прызнанні» іх саюзу.
Адказ суправаджаецца тлумачальнай нотай, якую падпісалі кардынал Луіс Ладарыя Фэрэр, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, і сакратар ведамства арцыбіскуп Джакамо Марандзі.
Адзначаецца, што ў некаторых касцёльных асяродках распаўсюджваюцца праекты і прапановы адносна гомасексуальных асоб, якія нярэдка матываваны шчырым жаданнем іх прыняцця і суправаджэння, прапановы ім шляхоў для ўзрастання ў веры, а таксама аказання неабходнай дапамогі для разумення і поўнай рэалізацыі Божай волі ў іх жыцці. Сярод такіх прапаноў, якія патрабуюць належнай ацэнкі, благаслаўленне саюзаў асоб аднаго полу.
У тэксце Кангрэгацыі падкрэсліваецца адрозненне паміж асобамі і саюзамі. Адмоўнае рашэнне адносна благаслаўлення саюзаў не ўключае суджэння адносна паасобных людзей, якіх належыць прымаць «з павагай, спагадай і далікатнасцю», пазбягаючы «любых выразаў несправядлівай дыскрымінацыі», як ужо сцвярджалася ў іншых дактрынальных дакументах Касцёла.
У заяве тлумачацца прычыны адмоўнага рашэння. Першая з іх датычыцца праўды і каштоўнасці благаслаўленняў, якія з’яўляюцца сакрамэнталіямі, гэта значыць літургічнымі дзеяннямі Касцёла, і таму патрабуюць, каб тое, што благаслаўляецца, было «аб’ектыўна скіравана на прыняцце і выраз ласкі, згодна з задумамі Бога, закладзенымі ў стварэнне».
Адносіны, у тым ліку пастаянныя, якія «прадугледжваюць сексуальныя стасункі па-за сужэнствам» — гэта значыць па-за непарыўным саюзам паміж мужчынам і жанчынай, адкрытым на перадачу жыцця, — не адпавядаюць такім Божым задумам, нават калі ў такіх адносінах могуць існаваць «пазітыўныя элементы».
Гэтая выснова датычыцца не толькі гомасексуальных пар, але ўсіх саюзаў, якія прадугледжваюць сексуальныя стасункі па-за сужэнствам.
Яшчэ адна прычына адмоўнага рашэння звязана з рызыкай памылковага атаясамлення благаслаўлення саюзаў паміж асобамі аднаго полу з сакрамэнтам сужэнства.
Кангрэгацыя Веравучэння ўдакладняе, што адказ на dubium не выключае магчымасці ўдзялення благаслаўлення «паасобным людзям з гомасексуальнымі схільнасцямі, якія выяўляюць жаданне жыць у вернасці задумам, аб’яўленым Богам». У той жа час абвяшчаецца недазволенай «усялякая форма благаслаўлення, скіраваная на прызнанне іх саюзаў».