13 сакавіка 2013 года аргентынскі кардынал з італьянскімі каранямі Хорхэ Марыё Бэргольё быў абраны 266-м Папам, стаўшы першым наступнікам Пятра, які належыць да ордэна езуітаў, паходзіць з Амерыкі і які ўпершыню сярод сваіх папярэднікаў прыняў імя Францішак.
Як паведаміла ў дзень восьмай гадавіны яго абрання італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, за гэты час Святы Айцец здзейсніў 25 паездак па Італіі, а Апостальскі візіт у Ірак стаў яго 35-м замежным падарожжам.
Такім чынам, калі выключыць мінулы год, на працягу якога з-за пандэміі каранавірусу былі адменены ўсе запланаваныя раней замежныя візіты, Папа Францішак штогод здзяйсняў амаль па пяць Апостальскіх падарожжаў за межы Італіі.
На працягу васьмі гадоў пантыфікату Святы Айцец правёў больш за 340 агульных аўдыенцый, падчас якіх прамовіў 16 цыклаў катэхез. Больш за 450 разоў ён узначальваў малітву Анёл Панскі або Уладарка неба і прамовіў амаль 790 гамілій у Доме святой Марты. Папа Францішак кананізаваў каля 900 новых святых, у тым ліку 800 мучанікаў з Атранта.
Пантыфік правёў 7 кансісторыяў і прызначыў 101 новага кардынала, сярод якіх 79 выбаршчыкаў.
За час свайго пантыфікату ён абвясціў надзвычайны Юбілей Міласэрнасці (2015–2016), а таксама некалькі надзвычайных Гадоў: у 2015–2016 — Год кансэкраванага жыцця, у 2020–2021 — Год святога Юзафа і ў 2021–2022 — Год сям’і Amoris Lætitia. Акрамя таго, цяперашні Папа ўстанавіў адмысловыя Дні: Дзень стварэння, прысвечаны навакольнаму асяроддзю, які штогод адзначаецца 1 верасня; Дзень бедных, які адзначаецца ў ХХХІІІ Звычайную нядзелю; Нядзелю Божага слова, якая адзначаецца ў ІІІ Звычайную нядзелю, а таксама Сусветны дзень бабуль, дзядуляў і пажылых людзей, які ўпершыню будзе адзначацца ў ліпені гэтага года ў нядзелю, найбліжэйшую да ўспаміну святых Яўхіма і Ганны — дзядулі і бабулі Езуса (26 ліпеня).
Акрамя таго, Папа Францішак напісаў тры энцыклікі і правёў пяць Сінодаў, пасля кожнага з якіх былі абнародаваны адпаведныя Апостальскія адгартацыі.
Як падкрэслівае Vatican News, увесь Пантыфікат Папы Францішка найбольш яскрава характарызуе яго няспыннае імкненне несці любоў Хрыста ўсяму чалавецтву ў пастаянным працэсе аднаўлення і місіянерскім уздыме, што з’яўляюцца вынікам закліку дазволіць захапіць сябе Духу Святому, які ажыўляе і падштурхоўвае Касцёл ісці наперад.
«Радасць Евангелля напаўняе сэрца і ўсё жыццё тых, хто сустракаецца з Езусам, хто дазваляе Яму вызваліць сябе ад граху, смутку, унутранай пусткі ды адасобленасці. З Езусам Хрыстом заўсёды нараджаецца і адраджаецца радасць», — сцвярджае Папа Францішак у Апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium.