Пошук

12.03.2021 10:54   Паводле: vaticannews.va / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Фота Аляксандры Шчыглинскай

Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынал Леанардо Сандры заахвочвае быць шчодрымі падчас збору ахвяраванняў на падтрымку хрысціянаў Святой Зямлі, якія па традыцыі збіраюцца ва ўсіх касцёлах свету ў Вялікую пятніцу.

Як нагадаў іерарх, чые словы прыводзіць польская рэдакцыя парталу Vatican News, хрысціяне, якія жывуць на гэтых тэрыторыях, церпяць не толькі з прычыны войнаў, але таксама зведалі моцныя абмежаванні з прычыны пандэміі.

Па словах кардынала Прэфекта, з прычыны пандэміі вуліцы Ерузалема і іншых гарадоў Святой Зямлі апусцелі, там цалкам спыніўся рух пілігрымаў і турыстаў. Гэта негатыўна адбілася на жыцці хрысціянаў, якія страцілі працу і не маюць за што ўтрымліваць сем’і.

Кардынал Сандры падкрэслівае, што ў наш час яшчэ больш патрэбныя міласэрныя самаране і заахвочвае не ігнараваць патрэбы братоў, якія жывуць на Святой Зямлі.

«Без нашай рукі дапамогі іх сітуацыя будзе яшчэ горшай, і ім усё складаней будзе адказваць на спакусу эміграваць з Блізкага Усходу», — піша ватыканскі іерарх і нагадвае, што дзякуючы штогадоваму збору сродкаў падтрымліваецца душпастырская, адукацыйная і медыцынская дзейнасць Касцёла на гэтых тэрыторыях, а таксама даецца адказ на вострыя сацыяльныя выклікі.

У мінулым годзе было сабрана звыш 9 мільёнаў 700 тысяч даляраў. Таксама кангрэгацыя дадаткова асігнавала 500 тысяч даляраў на барацьбу з каранавірусам.

Традыцыя збору ахвяраванняў на падтрымку хрысціянаў Святой Зямлі была ўведзена Папам Паўлам VI.

У абнародаванай ім у 1974 годзе апостальскай адгартацыі Nobis in Animo падкрэслівалася прывілеяванае месца Касцёла ў Ерузалеме і паведамлялася пра асаблівы клопат Святога Пасаду пра вырашэнне праблем у рэлігійнай, палітычнай і грамадскай сферах на гэтых тэрыторыях.

Абноўлена 12.03.2021 10:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.