Пошук

04.03.2021 11:10   Паводле: Vatican News
Фота: Reuters

Сваю катэхезу падчас традыцыйнай агульнай аўдыенцыі ў сераду 3 сакавіка Святы Айцец прысвяціў малітве як дыялогу з Богам.

Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, працягваючы цыкл катэхетычных разважанняў аб малітве, Пантыфік заўважыў, што Езус адкрыў нам неба і скіраваў нас да адносін з Богам. Раней мы не ведалі, як маліцца, якія словы, пачуцці і стыль мовы падабаюцца Яму, і чалавек нібыта навобмацак і часта беспаспяхова шукаў дыялогу з Богам.

Святы Айцец заўважыў, што не ўсе малітвы аднолькавыя, і нават на старонках Бібліі гаворыцца пра сітуацыі, калі малітва заставалася нявыслуханай.

Бог глядзіць на рукі таго, хто моліцца: каб яны былі чыстымі, іх недастаткова памыць — трэба ўстрымлівацца ад злых учынкаў.

Пантыфік нагадаў словы святога Францішка Асізскага: ніводзін чалавек не годны называць Цябе па імені.

Прыкладам прызнання мізэрнасці чалавечай малітвы Папа назваў словы рымскага сотніка, які звярнуўся да Езуса з просьбай аб аздараўленні слугі.

«Ён адчуваў сябе цалкам нягодным: не быў юдэем, з’яўляўся афіцэрам ненавіснага акупацыйнага войска. Але клопат пра слугу прымусіў яго адважыцца і сказаць: „Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой“ (Мц 8, 8). Гэта словы, якія і мы паўтараем падчас кожнай эўхарыстычнай літургіі.

Весці дыялог з Богам — гэта ласка: мы гэтага не вартыя, не маем ніякага права на гэта, мы „кульгаем“ у кожным слове і думцы… Аднак Езус — гэта брама, якая адчыняе для нас дыялог з Богам», — палкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што ў большасці міфалогій адсутнічаюць вобразы багоў, якія клапоцяцца аб людскіх справах. Нават у Арыстоцеля Бог мог думаць толькі пра самога сябе. «Мы ж, людзі, імкнемся зрабіць уражанне на Бога і быць добрымі ў Яго вачах. Адсюль „рэлігійны“ абавязак няспынных ахвярапрынашэнняў і актаў пабожнасці для здабыцця прыхільнасці маўклівага і абыякавага Бога», — патлумачыў ён думку філосафа.

«У Бога, які любіць чалавека, мы б ніколі не адважыліся паверыць <…>, калі б не пазналі Езуса. Спакусаю з’яўляецца тое, што адлюстравана ў прыпавесці пра міласэрнага айца ці пра пастыра, які пайшоў шукаць загубленую авечку. Апавяданні такога роду мы б не маглі стварыць, і тым больш зразумець, калі б не сустрэлі Езуса.

Які Бог гатовы памерці за людзей? Які Бог любіць пастаянна і цярпліва, без прэтэнзіі на ўзаемнасць?

Які Бог пагодзіцца з жудаснай няўдзячнасцю з боку сына, які заўчасна патрабуе сваёй спадчыны і пакідае дом, марнуючы ўсё?», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён падкрэсліў, што Езус сваім жыццём сведчыць пра тое, наколькі моцна Бог ёсць Айцом, паказваючы, што ніхто не з’яўляецца такім Айцом як Ён. «Мы з цяжкасцю і вельмі аддалена ўяўляем тую любоў, якой перапоўнена Найсвяцейшая Тройца; тую глыбіню ўзаемнай прыязнасці, якая існуе паміж Айцом, Сынам і Духам Святым. Усходнія іконы даюць нам магчымасць адчуць штосьці з гэтай таямніцы, якая з’яўляецца крыніцай і радасцю для сусвету», — сцвердзіў Святы Айцец.

Завяршаючы катэхезу, Папа заўважыў, што Боская любоў разлілася, дасягнуўшы нашага чалавечага берагу, а чалавечнасць Езуса наблізіла да нас жыццё Найсвяцейшай Тройцы, адчыніла перад намі дзверы таямніцы любові Айца, Сына і Святога Духа.

Абноўлена 04.03.2021 11:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.