У Папяльцовую сераду 17 лютага ў Ватыкане была абвешчана спецыяльная Нота Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў адносна правядзення літургічных цэлебрацый Вялікага тыдня ва ўмовах пандэміі, якая працягваецца.
Як адзначаецца ў дакуменце, адрасаваным біскупам усяго свету, цэлебрацыі належыць арганізаваць такім чынам, каб яны спрыялі духоўнаму дабру вернікаў, але пры гэтым не пашкодзілі іх здароўю і праводзіліся ў адпаведнасці з захаваннем санітарных прадпісанняў кампетэнтных органаў.
«Мы па-ранейшаму стаім перад трагедыяй пандэміі COVID-19, якая стала прычынай многіх змен таксама ў традыцыйным парадку цэлебрацыі літургіі», — гаворыцца ў Ноце, падпісанай Прэфектам Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў кардыналам Рабэрам Сара і арцыбіскупам Артурам Рошэ, сакратаром гэтай Дыкастэрыі.
Са зместам дакумента знаёміць італьянская рэдакцыя парталу Vatican News.
- Выкарыстанне сродкаў камунікацыі
Перадусім Кангрэгацыя звяртае ўвагу на тое, што выкарыстанне сродкаў масавай камунікацыі вельмі дапамагло пастырам аказваць падтрымку сваім супольнасцям і захоўваць з імі блізкасць падчас пандэміі.
«Для цэлебрацый Вялікага тыдня рэкамендуецца зрабіць больш даступнымі і прыярытэтнымі трансляцыі ў сродках камунікацыі цэлебрацый, якія ўзначальваюць біскупы, заахвоціўшы вернікаў, якія не могуць быць у сваім касцёле, далучыцца да дыяцэзіяльных цэлебрацый на знак еднасці», — сказана ў Ноце.
Адзначаецца, што ва ўсіх цэлебрацыях па ўзгадненні з Канферэнцыямі біскупаў варта звярнуць увагу на пэўныя моманты і асаблівыя жэсты, з захаваннем санітарных нормаў. Акрамя таго, Кангрэгацыя заахвочвае падрыхтаваць адпаведныя дапаможнікі для малітвы ў коле сям’і і асабістай малітвы, узяўшы пад увагу некаторыя часткі Літургіі гадзінаў.
- Дзейнічае леташні Дэкрэт
У Ноце паведамляецца, што працягвае дзейнічаць Дэкрэт Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, выдадзены па даручэнні Папы Францішка 25 сакавіка мінулага года. Такім чынам, сёлета застаюцца ў сіле леташнія ўказанні адносна цэлебрацый у Пальмовю нядзелю, Вялікі чацвер, Вялікую пятніцу і Пасхальную Вігілію.
- Пальмовая нядзеля
Паводле нормаў згаданага Дэкрэту, цэлебрацыя Пальмовай нядзелі павінна адбывацца ўсярэдзіне святыні. У катэдрах прадпісваецца выкарыстоўваць другую форму, пададзеную ў Рымскім Імшале, а ў парафіяльных касцёлах і іншых месцах культу — трэцюю.
- Імша Хрызма
Імша Хрызма, якая зазвычай цэлебруецца ў Вялікі чацвер, пры неабходнасці можа быць перанесена на іншы, больш зручны дзень, паколькі варта, каб у ёй брала ўдзел «значная колькасць пастыраў, служыцеляў і вернікаў». Іншую дату Імшы Хрызма ў адпаведнасці з сітуацыяй у краіне могуць вызначыць Канферэнцыі біскупаў.
- Імша Вячэры Пана
Паводле Дэкрэту, у Вялікі чацвер прапускаецца абрад абмыцця ног, які мог выкарыстоўвацца па жаданні.
Не адбываецца таксама працэсія на заканчэнне Імшы Вячэры Пана, а Найсвяцейшы Сакрамэнт захоўваецца ў табэрнакулюме.
У якасці выключэння святарам даецца магчымасць цэлебраваць гэтую Імшу «без удзелу вернікаў, у адпаведным месцы».
- Вялікая пятніца
Падчас агульнай малітвы ў Вялікую пятніцу біскупам належыць паклапаціцца пра асаблівую інтэнцыю за тых, хто знаходзіцца ў сітуацыі разгубленасці, за хворых і за памерлых». Дэкрэт ад 25 сакавіка мінулага года змяняе таксама спосаб адарацыі Крыжа: пацалункам яго ўшаноўвае толькі галоўны цэлебрант.
- Пасхальная Вігілія
Што датычыцца Пасхальнай Вігіліі, пастанаўляецца, што яе належыць цэлебраваць «выключна ў катэдральных і парафіяльных касцёлах», а ў Літургіі Хросту «застаецца толькі аднаўленне хросных абяцанняў».
- Рашэнні дзеля агльнага дабра і здароўя людзей
Нарэшце, Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў дзякуе біскупам і Канферэнцыям біскупаў за пастырскі адказ на сітуацыю, якая хутка змяняецца, з усведамленнем таго, што «прынятыя рашэнні не заўсёды проста ўспрымаліся часткай душпастыраў і свецкіх вернікаў.
Тым не менш, мы ведаем, што яны былі прынятыя з мэтаю забяспечыць нашым супольнасцям як мага лепшую цэлебрацыю святых таямніц, з пашанаю да агульнага дабра і здароўя людзей», — падкрэслена ў Ноце ватыканскай Дыкастэрыі.