Пошук

11.02.2021 09:45   Паводле: Vatican News
Фота: Flickr.com

«Малітва дапамагае нам любіць іншых, нягледзячы на іх памылкі і грахі, бо чалавек заўсёды важнейшы за яго ўчынкі. Езус не асудзіў свет, а збавіў яго», — заўважыў Папа Францішак 10 лютага падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, якую прысвяціў тэме малітвы.

Паводле Святога Айца, словы якога прыводзіць беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, дыялог з Богам ахоплівае ўсё: кожная радасць становіцца прычынай для праслаўлення, а кожнае выпрабаванне — нагодай для просьбы аб дапамозе.

«Малітва заўсёды прысутнічае ў жыцці, як агонь распаленых вуглёў, і нават калі вусны не прамаўляюць, прамаўляе сэрца, — дадаў Пантыфік. —

Таксама чалавечы розум мае малітоўны аспект; ён з’яўляецца акном, скіраваным у бок таямніцы. Праліваючы святло на некалькі крокаў перад намі, ён адкрывае нас на ўсю рэчаіснасць, якая нас апярэджвае і перавышае.(…) Хрысціянская малітва напаўняе сэрца чалавека непераможнай надзеяй: які б досвед нас не напаткаў на шляху, Божая любоў можа перамяніць яго ў дабро».

Як падкрэсліў Папа Францішак, «не існуе іншага цудоўнага дня, акрамя сённяшняга», а малітва «перамяняе яго ў ласку, ці лепш, перамяняе нас: суцяшае гнеў, падтрымлівае любоў, памнажае радасць, напаўняе сілай прабачэння». У пэўны момант, як сцвердзіў Святы Айцец, «нам можа здавацца, што ўжо не мы жывём, але ласка жыве і дзейнічае ў нас праз малітву».

Біскуп Рыма заклікаў «маліцца за ўсё і за ўсіх»: «Будзем маліцца за нашых блізкіх, але таксама за тых, каго не ведаем; будзем маліцца за нашых ворагаў, як часта заклікае рабіць Святое Пісанне. Малітва адкрывае на шчодрую любоў».

Папа Францішак назваў нядобрым стаўленне людзей, якія ўвесь час асуджаюць іншых: «Трэба любіць усіх і кожнага, памятаючы ў малітве, што мы ўсе грэшнікі, і ў той жа час тыя, каго любіць Бог».

Святы Айцец нагадаў, што малітва ў падзеях кожнага дня і кожнага імгнення можа быць «закваскай», з якой Хрыстус параўноўвае Валадарства.

Абноўлена 11.02.2021 09:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.