Пошук

09.02.2021 09:55   Паводле: Vatican News
Фота: CNS

8 лютага Папа Францішак сустрэўся з дыпламатычным корпусам, акрэдытаваным пры Святым Пасадзе. На сустрэчы прысутнічаў таксама Пасол Беларусі пры Святым Пасадзе, намеснік Міністра замежных спраў Сяргей Алейнік.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік звярнуў увагу дыпламатаў на магчымасці, якія яны прапануюць для будаўніцтва больш чалавечага, справядлівага, адзінага і мірнага свету.

У сваім звароце Святы Айцец прааналізаваў крызісы, выкліканыя або ўзмоцненыя пандэміяй каранавірусу: санітарны, экалагічны, эканамічна-грамадскі, міграцыйны, палітычны і міжасобасны.

Гаворачы аб санітарным крызісе, Біскуп Рыма заклікаў кіраўніцтвы краін забяспечыць кожнага чалавека асноўнай медыцынскай дапамогай і адзначыў неабходнасць вытворчасці эфектыўных вакцын супраць каронавірусу ў кароткія тэрміны.

Разважаючы аб экалагічным крызісе, Папа Францішак падкрэсліў, што хворы не толькі чалавек, але і наша зямля. Святы Айцец нагадаў, што вырашэнне такой праблемы як змяненне клімату патрабуе міжнароднага супрацоўніцтва.

Аналізуючы эканамічна-грамадскі крызіс, Пантыфік адзначыў, што ён вылучыў яшчэ адну хваробу: эканоміку, заснаваную на эксплуатацыі і марнаванні чалавека і прыродных рэсурсаў. У гэтым кантэксце Святы Айцец звярнуў увагу, што эканоміка павінна служыць інтэгральнаму чалавечаму развіццю, а не асобным інтарэсам.

Папа нагадаў, што закрыццё межаў з прычыны пандэміі разам з эканамічным крызісам абвастрыла і гуманітарны, які, між іншым, ускладняецца эканамічнымі санкцыямі, што закранаюць у асноўным уразлівыя групы насельніцтва, а не тых, хто нясе палітычную адказнасць. Святы Пасад не бачыць эфектыўнасці санкцый і спадзяецца на іх аслабленне, у тым ліку з мэтай стымулявання патоку гуманітарнай дапамогі, асабліва лекаў і медыцынскага абсталявання.

Святы Айцец заклікаў скасаваць або, па меншай меры, скараціць запазычанасць, якая абцяжарвае самыя бедныя краіны, што фактычна перашкаджае іх рэканструкцыі і поўнаму развіццю.

Гаворачы аб міграцыйным крызісе, Папа звярнуў увагу на тое, што ў выніку масавага прытоку мігрантаў павялічылася колькасць незаконных высылак, мэта якіх — перашкодзіць мігрантам звярнуцца з просьбай аб прытулку, што парушае іх асноўныя правы.

Палітычны крызіс, на думку Пантыфіка, узмоцніўся з прычыны павышэння ўзроўню палітычных супярэчнасцяў і адсутнасці супольнага пошуку вырашэння праблем, што закранаюць планету.

На заканчэнне Папа звярнуў увагу на крызіс міжасобасных адносін, што стаў выразам агульнага антрапалагічнага крызісу, які датычыць канцэпцыі чалавечай асобы і яе трансцэндэнтнай годнасці. Пандэмія, што прымусіла людзей праводзіць месяцы ў ізаляцыі і часта ў адзіноце, выявіла патрэбу ў чалавечых адносінах.

Пантыфік указаў на наступствы эпідэміялагічных абмежаванняў для розных асноўных свабод, уключаючы свабоду веравызнання.

Як падкрэсліў Папа Францішак, рэлігійнае вымярэнне — гэта фундаментальны аспект чалавечай асобы і грамадства, а таму духоўнае і маральнае вымярэнні нельга лічыць другаснымі ў адносінах да фізічнага здароўя.

«Братэрства з’яўляецца сапраўдным лекам ад пандэміі і шматлікіх няшчасцяў, якія нас напаткалі. Братэрства і надзея — гэта лекі, патрэбныя сёння свету на адным узроўні з вакцынамі», — сцвердзіў Папа на заканчэнне.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа