Пошук

08.02.2021 11:15   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: commons.wikimedia.org

7 лютага Папа Францішак правёў традыцыйную малітву «Анёл Панскі» з акна бібліятэкі Апостальскага палацу з удзелам вернікаў, якія пасля працяглага перапынку з прычыны пандэміі зноў маглі сабрацца на плошчы Святога Пятра.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, свае разважанні Пантыфік прысвяціў тэме клопату пра хворых.

Святы Айцец, спасылаючыся на евангельскі фрагмент пра аздараўленне цешчы апостала Пятра (гл. Мк 1, 29-39), звярнуў увагу на сімвалічнасць стаўлення і жэстаў Хрыста ў адносінах да гэтай жанчыны: «Ён падышоў і, узяўшы за руку, падняў яе. І прайшла ў яе гарачка; і жанчына пачала служыць ім».

Гаючая сіла Хрыста не сустракае супраціву. Аздароўлены чалавек вяртаецца да свайго звычайнага жыцця і адразу пачытае думаць пра іншых, а не пра сябе. І гэта важна! Гэта прыкмета сапраўднага „здароўя“! — падкрэсліў Біскуп Рыма.

У той дзень Езус «аздаравіў многіх, хто цярпеў на розныя хваробы, і выгнаў мноства злых духаў». З самага пачатку, як дадаў Пантыфік, Хрыстус праяўляе добразычлівасць да людзей, якія церпяць фізічна і духоўна: «Гэтая добразычлівасць належыць Айцу, а Ён увасабляе яе і праяўляе ва ўчынках і словах».

Хрыстус хацеў, каб Яго вучні, якія былі відавочцамі ўсяго, не толькі назіралі за Яго місіяй, але і працягвалі яе: Ён даў ім сілу аздараўляць хворых і выганяць злых духаў (Мц 10, 1; Мк 6, 7).

Як сцвердзіў Папа Францішак, клопат пра хворага з’яўляецца неад’емнай часткай місіі Касцёла, а голас Ёва добра адлюстроўвае чалавечы стан — годны і адначасова крохкі.

Па словах Пантыфіка, на пытанне, чаму чалавек церпіць, Езус адказвае «не тлумачэннем, а прысутнасцю і любоўю, якая схіляецца, бярэ за руку і прымушае ўстаць, як гэта адбылося з цешчай Пятра».

«Сённяшняе Евангелле нагадвае нам, што гэтае спачуванне мае свае карані ў глыбокіх адносінах з Айцом: да світання і пасля заходу сонца Езус выходзіць і моліцца ў самоце, — заўважыў Папа Францішак. — Там Ён чэрпаў сілы, каб выконваць сваё служэнне, прапаведаваць і лячыць».

Абноўлена 08.02.2021 11:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця