Пошук

04.02.2021 12:41   Паводле: BP KEP / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Ікона Сустветнай сустрэчы сем’яў. Фота: Catholicbishops.ie

19 сакавіка Касцёл будзе адзначаць пятую гадавіну абвяшчэння Апостальскай адгартацыі Папы Францішка Amoris Laetitia аб прыгажосці і радасці любові  ў сям’і. У гэты дзень Пантыфік абвесціць аб распачацці Года Сям’і Amoris Laetitia, які завершыцца 26 чэрвеня 2022 г. падчас Х Сусветнай сустрэчы сем’яў у Рыме.

Як адзначаецца на партале польскага епіскапату episkopat.pl, досвед, які прынесла пандэмія, яшчэ выразней паказаў базавую ролю сям’і як хатняга Касцёла і падкрэсліў значэнне сувязі паміж сем’ямі, якія ўтвараюць з Касцёла «сям’ю сем’яў» (AL 87).

Праз духоўныя, душпастырскія і культурныя ініцыятывы, прадугледжаныя ў межах Года Сям’і Amoris Lætitia, Папа Францішак хоча звярнуцца да касцёльных супольнасцяў ва ўсім свеце, заклікаючы кожнага быць сведкам любові ў сям’і.

У парафіях, дыяцэзіях, ва ўніверсітэтах, у касцёльных рухах і таварыствах сем’яў будуць распаўсюджаны матэрыялы па сямейнай духоўнасці, фармацыі і душпастырскіх ініцыятывах у сферы падрыхтоўкі да сужэнства, па выхаванні моладзі да ўразлівасці і святасці сужонкаў і сем’яў, якія жывуць у штодзённасці дарам сакрамэнту.

На базе ўніверсітэтаў будуць арганізаваны міжнародныя сімпозіумы з мэтай вывучэння зместу і імплікацыяў адгартацыі ў кантэксце найбольш актуальных пытанняў для сем’яў з усяго свету.  

З нагоды інаўгурацыі Года Сям’і Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця падрыхтавала і змясціла на сайце amorislaetitia.va інфармацыйную брашуру для распаўсюджвання ў дыяцэзіях, парафіях і сем’ях.

Сёння тэкст брашуры дасяжны на англійскай, французскай, іспанскай, партугальскай і італьянскай мовах.

Сайт, на які можна трапіць таксама з галоўнай старонкі ведамства, быў створаны дзеля распаўсюджвання хрысціянскага паслання пра сям’ю ў святле выклікаў нашага часу, а таксама больш глыбокага вывучэння зместу апостальскай адгартацыі з мэтай душпастырства сем’яў.

Абноўлена 04.02.2021 13:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця