Пошук

04.02.2021 09:03   Паводле: Vatican News
Фота: AFP - KIRILL KUDRYAVTSEV

Кардынал П'етро Паралін здзейсніў сямідзённы візіт у Камерун. Дзяржаўны сакратар Папы Францішка наведваў гэтую афрыканскую краіну з мэтай дапамагчы спыніць гвалт і наладзіць перамовы з сепаратыстамі.

Па словах іерарха, якія прыводзіць беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, яго візіт быў выразам клопату Святога Айца пра Афрыку. Падчас шматлікіх сустрэч, як касцёльных, так і палітычных, ён запрашаў да навядзення мастоў і нагадваў пра неабходнасць павагі да асноўных правоў чалавека. Ватыканскі дыпламат таксама звяртаў увагу на недастатковасць проста заклікаць да міру: трэба будаваць яго трывала і цярпліва, абапіраючыся на асновы дыялогу і справядлівасці.

Кардынал Паралін наведаў, між іншым, горад Баменда, які знаходзіцца ў англамоўнай частцы Камеруна і з'яўляецца полем крывавых аперацый сепаратыстаў. Яны неахвотна пагадзіліся на візіт прадстаўніка Святога Пасаду.

Сепаратысты, абвінавачваючы Касцёл у тым, што ён не прыслухоўваецца да іх прэтэнзій і выступае на баку афіцыйных уладаў, заклікалі мясцовае насельніцтва байкатаваць любыя мерапрыемствы, звязаныя з прысутнасцю пасланца Папы Францішка.

Сепаратыстамі таксама быў затрыманы арцыбіскуп Дуалу на пенсіі, 90-гадовы кардынал Крысціян Тумі, які накіроўваўся ў Баменду для ўдзелу ў цырымоніі.

Сітуацыя на паўночным захадзе Камеруна пагоршылася ў канцы 2016 г., калі сепаратысты з так званай Рэспублікі Амбазоніі абвясцілі незалежнасць ад усходняй, бяднейшай часткі краіны. Трэба адзначыць, што з самага пачатку Касцёл выкрываў парушэнні правоў чалавека з абодвух бакоў канфлікту і імкнуўся да ўсталявання ўзаемаразумення і міру.

Абноўлена 04.02.2021 09:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця