Пошук

03.02.2021 15:05   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Кардынал Луіс Ладарыя Фэрэр. Фота: Сatholicism.org

«Мы ўжо не інквізіцыя», — адзначае прэфект Кангрэгацыі Веравучэння кардынал Луіс Франсіско Ладарыя Фэрэр у інтэрв’ю, апублікаваным 1 лютага ў штодзённым ватыканскім выданні L'Osservatore Romano.

На думку прэфекта, місія гэтага найстарэйшага ватыканскага ведамства заключаецца ў «клопаце пра вернасць вучэнню Апосталаў».

«Мінулае нашай кангрэгацыі па-ранейшаму абцяжарвае, але людзі не заўсёды разумеюць тых глыбокіх перамен, што адбыліся ў апошнія часы ў Касцёле і ў Рымскай курыі, — прыводзіць словы кардынала Прэфекта Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ. — Мы ўжо не інквізіцыя. Індэксу [забароненых кніг] больш не існуе.

Наша місія заключаецца ў падтрымцы і абароне вучэння на тэму веры. Гэтае заданне заўсёды будзе актуальным у Касцёле, абавязак якога — перадаваць вучэнне Апосталаў новым пакаленням», — лічыць кардынал Ладарыя.

Іерарх тлумачыць, што місія ведамства, якое ён узначальвае, мае паўсюдны характар, а дакументы, выдадзеныя кангрэгацыяй, датычацца ўсяго Касцёла. Акрамя гэтага кангрэгацыя праводзіць перыядычныя сустрэчы з камісіямі па пытаннях веравучэння біскупскіх канферэнцый на розных кантынентах і сустрэчы з біскупамі ў межах візітаў ad limina Apostolorum.

Кардынал падкрэслівае, што візіты ad limina служаць, між іншым, таму, каб звярнуць увагу епіскапатаў розных краін на праблему сексуальнага выкарыстання, каб паказаць, што «ў Касцёле няма беспакаранасці».

Як адзначыў прэфект кангрэгацыі, праблемы, якія павінна вырашаць ведамства, датычацца сапраўдных перэферый — менш заўважальных, але не менш рэальных і пакутных. «Не будзем забывацца, што нярэдка ахвяры выкарыстання знаходзяцца сярод самых бедных», — нагадаў кардынал Ладарыя, запэўніваючы, што Кангрэгацыя Веравучэння займаецца кожным зарэгістраваным выпадкам.

Пачаткам існавання Кангрэгацыі Веравучэння была камісія з шасці кардыналаў, скліканая ў 1542 годзе Паўлам ІІІ для нагляду за справамі веры. Камісія займалася справамі па пытаннях ерасі і расколу. Называлася яна Святой Рымскай і Паўсюднай Інквізіцыяй. У 1555 годзе Павел IV даручыў ёй таксама суды па пытаннях маралі. У часы Пантыфікату Сікста V у 1588 годзе ў яе кампетэнцыю ўвайшлі ўсе пытанні, якія непасрэдна ці ўскосна датычыліся веры і маральнасці. У 1908 годзе св. Пій Х змяніў яе назву на Кангрэгацыю Святога Афіцыя. Бэнэдыкт XV у 1917 годзе (пасля ліквідацыі Кангрэгацыі Індэксу) даручыў ёй публікацыю наступных выданняў Індэксу забароненых кніг.

У 1965 годзе св. Павел VI змяніў назву камісіі, і яна стала называцца Кангрэгацыяй Веравучэння.

Заданнем ведамства стала абарона веры і яе распаўсюджванне.

Акрамя гэтага адбылася рэформа ў метадах дзеяння: асуджэнне змянілася на выпраўленне памылак. Папа Павел VI ліквідаваў таксама Індэкс забароненых кніг.

У 2001 годзе св. Ян Павел ІІ даручыў кангрэгацыі вырашэнне спраў, звязаных з сур’ёзнымі злачынствамі, у тым ліку выпадкі сексуальных выкарыстанняў. Працу ведамства ў такім кірунку пацвердзілі і пашырылі Бэнэдыкт XVI і Папа Францішак.

Абноўлена 03.02.2021 17:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.