31 студзеня, як заўсёды ў апошнюю нядзелю гэтага месяца, адзначаўся Сусветны дзень хворых на праказу. З гэтай нагоды прэфект Дыкастэрыі па інтэгральным развіцці чалавека кардынал Пітэра Тарксан скіраваў адмысловае пасланне.
Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, у ім іерарх зазначае, што «хворы на праказу церпіць з прычыны самой хваробы і ад таго, як яна ўспрымаецца ў грамадстве.
Адсутнасць сацыяльнай інтэграцыі можа мець глыбока негатыўны ўплыў на самаацэнку асобы і яе бачанне жыцця, што ў выніку робіць яе падатлівай да псіхічных хваробаў», — зазначае кардынал прэфект.
Дэвізам сёлетнягя, ужо 68-а Сусветнага дня хворых на праказу, сталі словы «перамагчы праказу».
Па словах іерарха, праказа сёння лечыцца, аднак барацьба з ёй адбываецца не толькі на медыцынскім узроўні. Гаворка ідзе таксама пра выдаленне сацыяльных шрамаў, якія спадарожнічаюць гэтай няпростай хваробе, а таксама пра забеспячэнне інтэгральнай рэабілітацыі чалавека.
Кардынал Тарксан заўважае, што за апошнія дзесяцігоддзі служба здароўя дасягнула велізарнага прагрэсу ў барацьбе з праказай. Комплексная лекавая тэрапія паказала надзвычайную эфектыўнасць у лячэнні хваробы Хансэна, што вельмі абнадзейвае. Тым не менш, акрамя лячэння цялесных ран прадстаўнікі аховы здароўя павінны браць пад увагу таксама сацыяльнае і псіхалагічнае вымярэнні, што ўключае прафілактыку, дыягностыку, лячэнне і рэабілітацыю дзеля захавання раўнавагі фізічнага, псіхічнага, сацыяльнага і духоўнага добрага самаадчування асобы.
Іерарх, які паходзіць з Ганы, падкрэслівае, што, паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, стыгматызацыя застаецца выклікам для ранняй дыягностыкі і эфектыўнага лячэння праказы.
Многія пацыенты па-ранейшаму перажываюць выключэнне з грамадства, дэпрэсію і страту даходаў. Кожная істота, як падкрэсліваецца ў пасланні ватыканскага іерарха, мае права на годнае жыццё і інтэгральнае развіццё, і ніводная краіна не можа адмаўляць у гэтым базавым праве.
Па словах кардынала Тарксана, служба аховы здароўя і грамадства робяць велізарны ўнёсак у супольнае дабро, калі спрыяюць больш лёгкаму працэсу інтэграцыі хворых на праказу і іх сем’яў. Не кожны мае навыкі ці веды, каб вылечыць фізічныя праявы лепры, але кожны можа развіваць культуру сустрэчы, што вядзе да аздараўлення і добрага псіхічнага стану асобаў, якіх закранула гэтая цяжкая хвароба.