Пошук

29.01.2021 19:41   Паводле: Vatican News
Фота: tbn-tv.com

«Усё ў Хрысце нагадвае нам, што свет, у якім жывём, і яго патрэба ў збаўленні нам не чужыя, і кліча нас адчуваць сябе актыўнай часткай гэтай місіі», — напісаў Папа ў пасланні на Сусветны дзень місій.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, дакумент пад назвай «Мы не можам маўчаць пра тое, што бачылі і чулі» (Дз 4, 20) быў падпісаны Пантыфікам 6 студзеня, у свята Хросту Пана.

У пасланні Папа нагадаў, што гісторыя евангелізацыі пачалася з заўзятага пошуку Бога, які кліча і хоча весці з кожным чалавекам «дыялог сяброўства» (гл. Ян 15, 12-17). Па словах Папы, гэты досвед — нібы «палаючы агонь» Божай прысутнасці ў нашых сэрцах, які штурхае да місіі, нават калі часам выклікае пакуты і неразуменне (гл. Ер 20, 7-9).

«Любоў заўсёды прабывае ў руху і прыводзіць нас у рух, каб дзяліцца найпрыгажэйшым пасланнем і крыніцай надзеі: “Мы знайшлі Месію” (Ян 1, 41)», — напісаў Святы Айцец.

Як адзначыў Папа, разам з Езусам мы ўбачылі, што рэчаіснасць можа быць іншай, Ён распачаў на зямлі новыя часы, нагадаўшы, што «мы створаны для паўнаты, якой можна дасягнуць толькі ў любові» (Fratelli tutti, 68).

Гэтая праўда нараджае веру, здольную надаваць імпульс ініцыятывам і фармаваць супольнасць, чулую да чалавечай уразлівасці, здольную пашыраць братэрства і сацыяльнае сяброўства, падкрэсліў Папа.

Ізноў спаслаўшыся на вопыт першай хрысціянскай супольнасці, Пантыфік заўважыў, што свой шлях веры яна распачынала ў «варожым і цярністым» асяроддзі, «аднак замест таго, каб стаць цяжкасцю ці перашкодай, якая магла б прымусіць страціць ахвоту або замкнуцца ў сабе, яно падштурхнула да таго, каб перамяняць любую непрыемнасць, супярэчнасць або цяжкасць у магчымасць для місіі».

«Абмежаванні і перашкоды станавіліся прывілеяваным месцам для таго, каб намасціць усё і ўсіх Духам Пана. Нішто і ніхто не маглі застацца няўдзельнымі ў адносінах да вызваленчага паслання», — падсумаваў Пантыфік.

Жывое сведчанне ўсяго гэтага знаходзім у кнізе Дзеяў Апосталаў, якая «вучыць нас пражываць выпрабаванні, прытуліўшыся да Хрыста, каб прыйсці да ўсведамлення таго, што “Бог можа дзейнічаць у любых абставінах, нават сярод бачных няўдач”, і ўпэўненасць у тым, што “калі хтосьці ахвяруе сябе i аддае сябе ў любові Богу, напэўна прынясе багаты плён (пар. Ян 15, 5) (Evangelii gaudium, 279)», гаворыцца ў пасланні.

Час, у які мы жывём, таксама няпросты, адзначыў Папа, бо пандэмія «выявіла і ўзмацніла боль, адзіноту, беднасць і несправядлівасць, ад якіх яшчэ раней многія пакутавалі, і выкрыла нашую ілжывую ўпэўненасць, падзеленасць і палярызацыю, якія нас маўкліва мучаць».

«У гэты час пандэміі, перад абліччам спакусы прыкрыць і апраўдаць абыякавасць і апатыю здаровым сацыяльным дыстанцыяваннем, тэрмінова неабходная місія спагады, здольнай ператварыць патрэбную дыстанцыю ў месца сустрэчы, клопату і развіцця»,

— сцвердзіў Святы Айцец.

На яго думку, у сучасных умовах «існуе тэрміновая неабходнасць у місіянерах надзеі, якія, намашчаныя Панам, былі б здольныя па-прароцку нагадваць, што ніхто не збаўляецца паасобку».

«Як хрысціяне, мы не можам трымаць Пана толькі для саміх сябе: евангелізацыйная місія Касцёла выяўляе свой цэльны і агульнадаступны характар у перамяненні свету і ахове стварэння», — напісаў Святы Айцец.

Тэма сёлетняга Сусветнага дня місій — гэта, па словах Папы, запрашэнне да адкрытасці і больш шырокага распаўсюджвання таго, што мы нясём у сваіх сэрцах, бо з прычыны ізаляцыі і або замкнёнасці ў малых групах «жыццё веры слабее, губляе прароцтва і здольнасць здзіўляцца і дзякаваць».

«Жыць місіяй — значыць асмельвацца развіваць пачуцці Езуса Хрыста і верыць разам з Ім, што чалавек, які знаходзіцца побач, — гэта мой брат і мая сястра.

Няхай Яго спагадлівая любоў абудзіць нашыя сэрцы і ўчыніць усіх нас вучнямі-місіянерамі», — пажадаў Папа Францішак.

Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень місій у трэцюю нядзелю кастрычніка, якая ў гэтым годзе прыпадае на 17 кастрычніка. Сёлета ён пройдзе ў 95-ы раз.

Абноўлена 30.01.2021 00:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця