Пошук

04.01.2021 19:32   Паводле: Vatican News
Фота: Aciprensa.com

«Бог стаўся целам, каб сказаць табе, што Ён любіць цябе, у тваёй слабасці, менавіта там, дзе табе найбольш сорамна», — адзначыў Папа на малітве «Анёл Панскі» 3 студзеня. Таксама ён выказаў віншаванні з Новым годам, асабліва прывітаўшы тых, хто пачынае год з цяжкасцямі.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік заахвоціў моўчкі спыніцца перад яслямі і адчуць пяшчоту Бога, які наблізіўся і стаў целам. «Не баючыся, запросім Яго да сябе, дадому, у сям’ю, у нашы слабасці. Ён прыйдзе, і жыццё зменіцца», — заклікаў Святы Айцец.

Папа спаслаўся на пралог Евангелля паводле Яна, які пачынаецца выразам: «На пачатку было Слова» (Ян 1, 1). «Сёння Евангелле кажа, што Той, Каго мы сузіралі ў Яго нараджэнні, Езус, існаваў і раней: перад тым, як усё адбылося, яшчэ да Сусвету. Ён — над часам і прасторай. “У Ім было жыццё” перад з’яўленнем жыцця”», — заўважыў Святы Айцец.

Пантыфік дадаў, што Ян Евангеліст называе Яго Verbum — «Слова», што азначае імкненне Бога з самага пачатку мець зносіны з намі, жаданне размаўляць з намі.

«Адзінародны Сын Айца хоча расказаць нам пра прыгажосць быць Божымі дзецьмі. Ён — “сапраўднае святло”, Ён хоча аддаліць нас ад цемры зла, Ён з’яўляецца “жыццём”, якое ведае наша жыццё і хоча сказаць нам, што заўсёды любіць яго, — патлумачыў Папа. — Вось сённяшняе цудоўнае пасланне: Езус — вечнае Слова Божае; Ён заўсёды думае пра нас і хоча мець зносіны з намі».

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што св. Ян выкарыстоўвае слова «цела», паколькі яно «паказвае на стан чалавека ва ўсёй яго слабасці, ва ўсёй яго крохкасці», «ён кажа нам, што Бог стаў кволым, каб дакрануцца да нашай кволасці». «Дарагі брат, дарагая сястра, Бог стаў целам, каб сказаць табе, што Ён любіць цябе, у тваёй слабасці, менавіта там, дзе табе найбольш сорамна», — звярнуўся да вернікаў Папа.

Спасылаючыся на сцвярджэнне, што Слова «пасялілася між намі», Святы Айцец адзначыў, што Езус прыйшоў не проста наведаць нас — «Ён прыйшоў быць з намі».

«Дык чаго Ён хоча ад нас? — спытаў Пантыфік. — Ён хоча, каб мы дзяліліся з Ім радасцямі і пакутамі, жаданнямі і страхамі, надзеяй і смуткам, людзьмі і сітуацыямі». Папа заклікаў вернікаў адкрыць для Хрыста свае сэрцы, распавесці Яму ўсё, адчуць чуласць Божай блізкасці.

Завяршаючы разважанне, Папа прамовіў малітву: «Няхай святая Багародзіца, у якой Слова сталася целам, дапаможа нам прыняць Езуса, які стукае ў дзверы нашых сэрцаў, каб жыць з намі».

Пастыр паўсюднага Касцёла звярнуўся з асаблівым прывітаннем да тых, хто «пачынае новы год з цяжкасцямі, да хворых, беспрацоўных, да тых, хто жыве ў сітуацыі прыгнёту і эксплуатацыі».

«Таксама хачу сардэчна прывітаць усе сем’і, асабліва тыя, якія маюць маленькіх дзяцей, і тыя, дзе чакаюць іх нараджэння. Няхай благаславіць вас Пан!» — сказаў ён, віншуючы з Новым годам.

«Як хрысціяне, давайце пазбягаць фаталістычнага або магічнага мыслення: мы ведаем, што ўсё пойдзе лепш, у залежнасці ад таго, наколькі з Божай дапамогай мы будзем разам працаваць на агульнае дабро, ставячы ў цэнтр самых слабых і тых, хто апынуўся ў неспрыяльных умовах», — адзначыў Папа.

«Яшчэ раз кірую да вас мае пажаданні на год, які толькі пачаўся. (...) Мы не ведаем, што прынясе нам 2021 год, але кожны з нас і ўсе мы можам больш актыўна ўдзельнічаць у клопаце адно пра аднаго і ў будаванні нашага агульнага дома», — дадаў Святы Айцец.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця