«Свет патрабуе надзеі, а праз удзячнасць і звычку дзякаваць мы перадаем крыху надзеі», — сказаў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі 30 студзеня.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, катэхеза Пантыфіка была прысвечана малітве падзякі. Папа спаслаўся ў ёй на апавяданне з Евангелля паводле Лукі (17, 11-19) пра аздараўленне Езусам дзесяці пракажоных, якіх Ён сустрэў на дарозе, пачуўшы іх просьбу аб літасці.
«Вядома, што для хворых на праказу фізічныя пакуты былі злучаны з грамадскім і рэлігійным адчужэннем. Яны былі маргіналізаваныя. Езус не спыніўся для сустрэчы з імі. Часам Ён выходзіў за рамкі законаў і дакранаўся да хворых, абдымаў і аздараўляў іх, але ў гэты раз кантакту не было. Езус здалёк сказаў ім паказацца святарам, якія, згодна з законам, павінны быць пацвердзіць факт аздараўлення. Ён больш не сказаў нічога. Езус выслухаў іх малітву, выслухаў іх крык аб літасці, і адразу адправіў да святароў», — нагадаў Пантыфік.
Ён падкрэсліў, што гэтыя людзі даверыліся Хрысту і неадкладна пайшлі, а калі былі ў дарозе — аздаравіліся, усе дзесяць.
Святары маглі пацвердзіць іх аздараўленне і вярнуць да нармальнага жыцця. Але тут адбылося нешта вельмі важнае: з гэтай групы толькі адзін, перш чым пайсці да святароў, вярнуўся да Езуса, каб падзякаваць Яму і праславіць Бога за атрыманую ласку. Хрыстус заўважыў, што гэты чалавек быў самаранінам, свайго роду «ератыком» для тагачасных юдэяў. Езус пракаментаваў: «Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся праславіць Пана, акрамя гэтага чужынца?» (Лк 17, 18).
Папа зазначыў, што гэтае апавяданне дзеліць свет на дзве часткі: на людзей, якія не дзякуюць, і на тых, якія дзякуюць; на людзей, якія бяруць усё як належнае, і на тых, хто прымае ўсё як дар, як ласку. У сваю чаргу Катэхізіс кажа, што ўсялякае здарэнне і ўсялякая патрэба могуць стаць нагодай для падзякі.
«Малітва падзякі пачынаецца з гэтага: з прызнання таго, што нас апярэджвае ласка. Мы былі задуманы раней, чым навучыліся думаць; мы былі любімымі раней, чым навучыліся любіць; мы былі пажаданымі раней, чым у нашых сэрцах узнікла жаданне.
Калі будзем глядзець на жыццё такім чынам, тады ўдзячнасць стане лейтматывам нашых дзён»,
— сказаў Святы Айцец.
Пантыфік падкрэсліў, што для хрысціян удзячнасць дала імя самаму галоўнаму сакрамэнту: Эўхарыстыі. Гэтае грэчаскае слова, насамрэч, азначае менавіта падзяку. Ён адзначыў, што кожны чалавек мае шмат прычын для ўдзячнасці: дар жыцця, бескарыслівыя і руплівыя выхавацелі і катэхеты, сяброўства…
Папа заўважыў, што слова «дзякуй», якое мы павінны казаць штодзённа і якім хрысціянін дзеліцца з усімі, узбагачаецца ў сустрэчы з Езусам. Ён дадаў, што прыйсце Хрыста часта выклікала радасць і праслаўленне Бога ў тых, хто Яго сустракаў, і мы таксама пакліканы ўдзельнічаць у гэтым бязмежным святкаванні.
Па словах Папы, да гэтага заклікае ўрывак пра дзесяць пракажонных, якія былі аздароўлены. Усе яны былі шчаслівыя таму, што «да іх вярнулася здароўе і яны маглі выйсці з таго бясконцага прымусовага каранціну, які выключаў іх з жыцця грамадства».
Аднак сярод іх быў адзін чалавек, які «больш, чым вяртанню здароўя, радаваўся сустрэчы з Панам».
Ён «не толькі вызваліўся ад зла, але цяпер меў упэўненасць у тым, што яго любяць».
«Гэта адкрыццё любові як сілы, што пануе над светам. Дантэ сказаў бы: любоў, якае “прыводзіць у рух сонца і іншыя зоркі”. Цяпер мы больш не вандроўныя падарожныя, якія блукаюць туды і сюды, але мы маем дом, жывём у Хрысце, і з гэта “жылля” сузіраем увесь астатні свет, і ён нам здаецца бясконца прыгожым. Мы — дзеці любові, браты любові. Мы — людзі ласкі», — сказаў Святы Айцец.
Пантыфік заклікаў вернікаў заўсёды імкнуцца заставацца ў радасці сустрэчы з Езусам, клапаціцца пра гэту радасць у сабе. Па яго словах, д’ябал, падманваючы нас сваімі спакусамі, заўсёды пакідае нас сумнымі і самотнымі. «Калі будзем трываць у Хрысце, ніякі грэх і ніякая пагроза ніколі не змогуць перашкодзіць нам з радасцю працягваць шлях, разам са шматлікімі спадарожнікамі», — дадаў Папа.
«У першую чаргу не будзем забываць дзякаваць: калі будзем носьбітамі ўдзячнасці, таксама і свет стане лепшым, магчыма, не нашмат, але гэтага будзе дастаткова, каб перадаць крыху надзеі. Свет патрабуе надзеі, а праз удзячнасць і звычку дзякаваць мы перадаем крыху надзеі.
Усё з’яднана і злучана, і кожны можа рабіць свой унёсак там, дзе прабывае.
Шлях шчасця — гэта той шлях, які святы Павел апісаў напрыканцы аднаго са сваіх пасланняў: “Няспынна маліцеся. За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас воля Божая ў Езусе Хрысце. Духа не гасіце” (1Тэс 5, 17-19). Не гасіць Духа — цудоўная праграма на жыццё! “Не гасіць Духа”, якога маем унутры, — гэта тое, што вядзе нас да ўдзячнасці», — такімі словамі завяршыў катэхезу Святы Айцец.