«Вакцына для ўсіх. 20 пунктаў для больш справядлівага і здаровага свету» — так называецца новы дакумент Апостальскай Сталіцы, прысвечаны вакцыне ад COVID-19. Ён быў абнародаваны 29 снежня.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, падрыхтоўкай тэксту займаліся Камісія па надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй каранавірусу, якая дзейнічае пры Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, і Папская акадэмія жыцця.
У дакуменце заўважаецца, што вакцына — агульнае дабро, таму яна павінна размяркоўвацца ў духу роўнасці і справядлівасці.
Нагадваецца, што імкненне да дасягнення выключна эканамічнай выгады ў сферы медыцыны і аховы здароўя з’яўляецца непрымальным з маральнага пункту гледжання, тут патрэбны празрыстасць і супрацоўніцтва, а не антаганізм і суперніцтва.
Ватыканскія структуры заклікаюць сусветных лідараў пераадольваць «вакцынны нацыяналізм» і зрабіць вытворчасць вакцыны нагодай для супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, фармацэўтычнымі прадпрыемствамі і іншымі арганізацыямі.
У тэксце дакумента закранаюцца некаторыя этычныя праблемы, звязаныя з выкарыстаннем вакцын, распрацаваных з ужываннем клеткавый ліній, узятых з абартаваных эмбрыёнаў. У сувязі з гэтым нагадваюцца нядаўнія заўвагі Кангрэгацыі Веравучэння, згодна з якімі ўсе клінічна рэкамендаваныя вакцыны можна прымаць з маральнай упэўненасцю ў тым, што гэта не з’яўляецца саўдзелам у наўмысным аборце.
Падкрэсліваецца, што пры вакцынацыі прыярытэт павінен быць аддадзены тым, чыя прафесійная дзейнасць звязана са служэннем агульным інтарэсам.
Гаворка ідзе, у першую чаргу, пра медыцынскі персанал, людзей, чыя праца патрабуе кантакту з іншымі, у прыватнасці, настаўнікаў, супрацоўнікаў службаў правапарадку, а таксама пра найбольш уразлівыя катэгорыі, сярод якіх пажылыя людзі і хворыя з цяжкімі паталогіямі. Падкрэсліваецца, што адмаўленне ад вакцынацыі можа ствараць пагрозу для здароўя і жыцця іншых людзей.