17 снежня было абнародавана пасланне Папы Францішка на 54-ы Сусветны дзень міру. Ён адзначацца ў Касцёле 1 студзеня.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, тэма дакумента — «Культура клопату як шлях міру».
У пасланні Пантыфік заўважыў, што пандэмія каранавірусу пагоршыла кліматычны, харчовы, эканамічны і міграцыйны крызіс і прывяла да цяжкіх пакут і праблем. Ён нагадаў пра гібель многіх людзей і абвастрэнне праблемы беспрацоўя. Папа адзначыў гераізм шматлікіх медыцынскіх работнікаў, валанцёраў і святароў.
«Аддаючы даніну пашаны гэтым людзям, я зноў заклікаю палітыкаў і прыватны сектар прыняць належныя меры для забеспячэння доступу да вакцыны супраць COVID-19 і да асноўных тэхналогій, каб дапамагчы хворым і ўсім самым бедным і ўразлівым», — напісаў Папа.
Ён дадаў, што, акрамя шматлікіх сведчанняў любові і салідарнасці, пашыраюцца новыя формы нацыяналізму, расізму, ксенафобіі, а таксама войны і канфлікты, якія сеюць смерць і разбурэнні.
На яго думку, гэтыя падзеі вучаць нас таму, наколькі «важна клапаціцца адзін пра аднаго і пра ўсё стварэнне для пабудовы грамадства, заснаванага на адносінах братэрства».
«Вось чаму я выбраў для гэтага паслання тэму “Культура клопату як шлях міру”. Культура клопату, каб перамагчы культуру абыякавасці, адчужэння і сутыкнення, якая сёння часта пераважае», — прызнаўся Пантыфік.
Святы Айцец нагадаў, што крыніцай паклікання да клопату з’яўляецца Бог-Стварыцель і Яго задума адносна чалавечай сям’і. Менавіта Ён, па словах Папы, з’яўляецца прыкладам клапатлівасці, і клопат можна ўбачыць таксама ў місіі Езуса і Яго вучняў.
У якасці асновы для культуры клопату Папа прапануе ўзяць прынцыпы сацыяльнага вучэння Касцёла.
Па яго словах, паняцце годнасці чалавека нагадвае, што кожная асоба — гэта мэта, а не інструмент. Прынцып агульнага дабра дапамагае ўлічваць наступствы нашых задум і намаганняў для ўсёй чалавечай сям’і, салідарнасць — канкрэтным чынам выказаць любоў да іншага чалавека, а клопат пра бедных павінен быць злучаны з абаронай стварэння.
Пантыфік назваў гэтыя прынцыпы «компасам», які служыць супольнаму курсу і пераадоленню сацыяльнай няроўнасці. Ён адзначыў, што яны павінны дапамагчы фарміраванню адносін паміж дзяржавамі на аснове братэрства, узаемнай павагі, салідарнасці і захавання міжнароднага права. У гэтым кантэксце Папа падкрэсліў неабходнасць абароны асноўных правоў чалавека і павагі да гуманітарнага права.
Святы Айцец у чарговы раз заклікаў да стварэння Глабальнага фонду для канчатковай ліквідацыі голаду і дапамогі развіццю бедных краін.
Ён заахвоціў накіраваць у гэты фонд сродкі, якія зараз прызначаюцца на ўзбраенні.
Пантыфік звярнуў увагу на патрэбу выхавання ў людзях культуры клопату. Ён падкрэсліў важную ролю сям’і, адукацыйных устаноў і рэлігіі ў гэтым працэсе. Папа пажадаў, каб адукацыя стала больш адкрытай і інклюзіўнай, здольнай да цярплівага слухання, дыялогу і ўзаемаразумення.
Паводле Святога Айца, культура клопату — прывілеяваны шлях будавання міру. «Будзем жа працаваць разам, каб крочыць да новага гарызонту любові, міру, братэрства, салідарнасці, узаемнай падтрымкі і прыняцця. Не скорымся перад спакусай ігнаравання іншых, асабліва самых слабых, не будзем прызвычайвацца адводзіць вочы, але штодзённа прысвячаць сябе будаванню супольнага грамадства, якое складаецца з братоў, што клапоцяцца адзін пра аднаго», — напісаў Папа ў канцы паслання.