Жывы агонь Духа Святога дае Касцёлу сілу для сведчання і місіі, нагадаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 25 лістапада прайшла ў форме відэатрансляцыі з Ватыкана.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа Францішак прысвяціў сваю катэхезу ролі малітвы ў жыцці ранняга Касцёла. Ён заўважыў, што менавіта малітва вызначала першыя крокі старажытнай хрысціянскай супольнасці. Па яго словах, першыя хрысціяне знаходзілі ў малітоўных сустрэчах аснову і імпульс для місіянерскай дзейнасці, і іх прыклад застаецца актуальным і для нас.
Папа нагадаў словы з кнігі Дзеяў Апосталаў: «Яны трывалі ў вучэнні Апосталаў і ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах» (Дз 2, 42).
Як адзначыў ён, тут можна ўбачыць чатыры галоўныя рысы касцёльнага жыцця: слухаць вучэнне, захоўваць еднасць, дзяліцца хлебам, дзяліцца малітвай.
«Яны нагадваюць нам, што існаванне Касцёла мае сэнс тады, калі ён застаецца моцна з’яднаным з Хрыстом: у супольнасці, Яго слове, Эўхарыстыі і малітве. (...) Прапаведаванне і катэхеза сведчаць аб словах і жэстах Настаўніка; пастаянны пошук братэрскай еднасці абараняе ад эгаізму і адасобленасці; дзяленне хлебам здзяйсняе сакрамэнт прысутнасці Езуса між намі (...). І, нарэшце, малітва, якая з’яўляецца прасторай дыялогу з Айцом, праз Хрыста ў Духу Святым», — сказаў Пантыфік.
Паводле Папы, усё тое, што ў Касцёле ўзрастае па-за гэтымі «каардынатамі», пазбаўлена фундаменту: гэта як дом, пабудаваны на пяску (пар. Мц 7, 24-27). Ён заўважыў, што менавіта Бог, а не мітуслівая чалавечая дзейнасць, будуе Касцёл: слова Езуса напаўняе сэнсам нашы намаганні.
Святы Айцец прызнаўся, што яму становіцца сумна, калі перамены ў Касцёле ажыццяўляюцца па прынцыпе палітычнай ці партыйнай сістэмы, шляхам большасці галасоў. Патрэбна ж, дадаў ён, жыццё ў супольнасці, малітва, Эўхарыстыя, адкрытасць на дзеянне Духа Святога.
«Чытаючы кнігу Дзеяў Апосталаў мы заўважаем, наколькі моцным рухавіком евангелізацыі былі малітоўныя сустрэчы. Іх удзельнікі самі адчувалі прысутнасць Езуса і дзеянне Духа. Члены першай хрысціянскай супольнасці — гэта актуальна заўсёды, таксама для нас сёння — разумелі, што гісторыя сустрэчы з Езусам не завяршылася з Унебаўшэсцем, але працягваецца ў іх жыцці. Калі яны распавядалі пра тое, што казаў і рабіў Пан, калі маліліся аб уваходзе ў адзінства з Ім, усё ажывала», — заўважыў пастыр паўсюднага Касцёла.
Папа працытаваў Катэхізіс, дзе сказана, што Дух Святы, Настаўнік хрысціянскай малітвы, скіроўвае Касцёл да жывой малітвы і дапамагае яму ўсё глыбей уваходзіць у кантэмпляцыю і з’яднанне з неспасцігальнай таямніцай Хрыста.
«Вось што робіць Дух у Касцёле: нагадвае пра Езуса»,
— сцвердзіў ён.
«Хрысціяне, ідучы па місійных сцежках, памятаюць пра Езуса і нагадваюць пра Яго; і ад Яго, ад Яго Духа атрымліваюць “штуршок”, каб крочыць, абвяшчаць, служыць. У малітве хрысціянін занураецца ў таямніцу Бога, які любіць кожнага чалавека і жадае, каб Евангелле прапаведавалася ўсім. Бог — з’яўляецца Богам усіх, а ў Езусе быў канчаткова зруйнаваны кожны мур падзелу: як кажа святы Павел, Ён — спакой наш, “які ўчыніў адно і другое адзіным” (Эф 2, 14)», — звярнуў увагу Пантыфік.
Паводле Папы, «рытм жыцця ранняга Касцёла вызначаўся паслядоўнасцю цэлебрацый, сходаў, супольнай і асабістай малітвы». «Дух даваў сілу прапаведнікам, якія выходзілі ў падарожжа і якія з любові да Езуса пераадольвалі моры, не скараліся перад небяспекай, зносілі прыніжэнні», — дадаў Святы Айцец.
«Бог дорыць любоў і просіць аб любові. Гэта містычны корань усяго жыцця верніка.
Першыя хрысціяне, але і ўсе мы, хто нарадзіўся на шмат стагоддзяў пазней, у малітве перажываем той жа досвед.
Дух ажыўляе ўсё. І хрысціянін, які не баіцца прысвячаць час на малітву, можа падпісацца пад словамі апостала Паўла: “Што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне” (Гал 2, 20). Толькі ў цішыні адарацыі мы адчуваем усю праўду гэтых слоў... Гэта жывы агонь Духа дае сілу сведчанню і місіі», — сказаў на заканчэнне катэхезы Пантыфік.