Малітва вучыць разумець, што кожны дзень — гэта пакліканне, і адкрываць сэрцы на волю Пана, адзначыў Папа Францішак на агульнай аўдыенцыі 18 лістапада.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, падчас аўдыенцыі Пантыфік заклікаў наследаваць прыклад малітоўнага жыцця Марыі.
На пачатку катэхезы ён нагадаў, што Найсвяцейшая Панна была простай і невядомай свету дзяўчынай, заручанай з мужам з дому Давіда, і ўжо ў той час шмат малілася.
«Мы можам уявіць дзяўчыну з Назарэта, засяроджаную ў цішыні, у няспынным дыялогу з Богам, які хутка даручыць Ёй сваю місію. Марыя ўжо была поўнай ласкі і беззаганнай ад зачацця, але яшчэ не ведала нічога аб сваім дзівосным і надзвычайным пакліканні і бурлівым моры, якое павінна будзе пераадолець», — заўважыў пастыр паўсюднага Касцёла.
Па яго словах, Марыя належыць да вялікага шэрагу тых пакорных сэрцам людзей, якіх афіцыйныя летапісцы не ўключаюць у свае кнігі, але з дапамогай якіх Бог падрыхтаваў прыйсце свайго Сына.
Калі арханёл Габрыэль прывітаў Марыю ў Назарэце, яна малілася, заўсёды давярала Пану і была гатовая выканаць Яго волю, дадаў Папа. На яго думку, няма лепшага спосабу малітвы, чым адкрытасць па прыкладзе Марыі.
«Колькі вернікаў жывуць малітвай менавіта такім чынам! Самыя пакорныя сэрцам моляцца так, з грунтоўнай, простай пакорай: “Пане, няхай будзе тое, чаго хочаш Ты, калі хочаш Ты і як хочаш Ты”. Не абураючыся з прычыны таго, што дні напоўнены праблемамі, але выходзячы насустрач рэальнасці і ведаючы, што ў пакорнай любові, якую дорым у кожнай сітуацыі, мы становімся прыладамі Божай ласкі», — сказаў Святы Айцец.
Папа заўважыў, што малітва можа перамяніць неспакой у адкрытасць.
Падчас Звеставання Марыя здолела перамагчы свой страх, нават ведаючы, што Яе «так» прывядзе да цяжкіх выпрабаванняў, дадаў ён.
«Калі ў малітве мы зразумеем, што кожны дзень, дадзены Богам — гэта пакліканне, зможам адкрыць свае сэрцы і прымаць усё», — адзначыў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што Найсвяцейшая Панна суправаджала малітвай усё жыццё Езуса і першыя крокі Касцёла: малілася з вучнямі, якія прайшлі праз абсурд крыжа; малілася з Пятром, які паддаўся страху і плакаў у пакаянні; знаходзілася сярод мужчын і жанчын, якіх Яе Сын паклікаў да фарміравання Яго Супольнасці. Марыя малілася з імі і за іх і, дзякуючы сіле Святога Духа, стала не толькі Маці Бога, але і Маці Касцёла, звярнуў увагу Пантыфік.
«У Панне Марыі натуральная жаночая інтуіцыя была ўзвышана дзякуючы Яе надзвычайнай еднасці з Богам у малітве. Таму, калі чытаем Евангелле, можа часам здавацца, што Яна знікае толькі для таго, каб зноў аб’явіцца ў вызначальныя моманты: гэта голас Бога накіроўваў Яе сэрца і крокі туды, дзе была патрэбна Яе прысутнасць. Прысутнасць Маці і Вучаніцы», — сказаў Пантыфік.
Папа нагадаў словы з Евангелля паводле Лукі: «Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім». «Усё тое, што адбывалася вакол Яе, у канчатковым выніку адлюстроўвалася ў глыбіні Яе сэрца: дні, поўныя радасці, а таксама самыя цёмныя моманты, калі Яна з усіх сіл імкнулася зразумець, якімі шляхамі павінна ісці Адкупленне», — адзначыў ён.
«Нехта параўнаў сэрца Марыі з пярлінай непараўнальнай прыгажосці, сфармаванай і адпаліраванай цярплівым прыняццем Божай волі праз таямніцы Езуса, над якімі разважала ў малітве.
Было б добра і нам стаць крыху падобнымі да нашай Маці, з сэрцамі, адкрытымі на Божае слова, з сэрцамі маўклівымі, паслухмянымі, здольнымі прымаць Божае слова, дазваляючы яму прарастаць, як зерню дабра»,
— падзяліўся сваімі думкамі ў канцы катэхезы Папа.