Пошук

16.11.2020 12:07   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: commons.wikimedia.org

Папа Францішак заклікаў выкарыстоўваць атрыманыя ад Бога таленты, каб рабіць дабро. Сваімі разважаннямі ён падзяліўся ў нядзелю 15 лістапада перад малітвай «Анёл Панскі», якую прамовіў з вернікамі, сабранымі на плошчы Святога Пятра.

Як перадае беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, каментуючы прыпавесць пра таланты, Папа звярнуў увагу на тое, што Бог «добра нас ведае; ведае, што мы не аднолькавыя, не хоча аддаваць нікому перавагу на шкоду іншым, але даручае кожнаму капітал, адпаведны яго здольнасцям».

Пантыфік падкрэсліў, што прыпавесць «датычыцца ўсіх, але як заўсёды, асабліва хрысціянаў». У Сусветны дзень бедных ён звярнуўся з просьбай працягнуць руку бедным.

«Ты не адзін у жыцці: ёсць людзі, якія ў табе маюць патрэбу. Не будзь эгаістам!» — звярнуў увагу Папа Францішак.

«Мы ўсе атрымалі „багацце“ ад Бога. Як вучні Хрыста, мы атрымалі веру, Евангелле, Духа Святога, сакрамэнты… Гэтыя дары павінны выкарыстоўвацца, каб рабіць дабро ў жыцці, служачы Богу і нашым братам», — адзначыў Папа

Святы Айцец выказаўся адносна меркавання, што быць хрысціянінам — гэта значыць устрымлівацца ад зла. «Не рабіць зла — гэта добра, але не рабіць дабра — гэта кепска», — падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла, заахвочваючы людзей азірнуцца і ўбачыць тых, хто знаходзіцца ў патрэбе.

У Сусветны дзень бедных, які адзначаўся ў нядзелю, Пантыфік звярнуў увагу на крытыку, якую чуваць ад некаторых людзей, што святары і біскупы, маўляў, ахвотней гавораць пра бедных, чым пра вечнае жыццё.

«Бедныя знаходзяцца ў цэнтры Евангелля. Гэта Езус навучыў нас гаварыць пра бедных. Гэта Езус прыйшоў да бедных», — растлумачыў Папа Францішак, дадаўшы, што Збаўца атаясамлівае сябе з беднымі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця