Трэба маліцца заўсёды, нават тады, калі Бог здаецца глухім і нямым, а малітва — згубай часу, сказаў Папа на агульнай аўдыенцыі 11 лістапада.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік заклікаў вернікаў да пастаянства ў малітве, бо малітва патрэбна для жыцця, як кісларод. Ён нагадаў, што няспынны дыялог з Айцом быў стаўпом усёй місіі Хрыста, і Евангелле кажа, што Езус заклікаў сваіх вучняў маліцца пастаянна і нястомна.
Па словах Папы, на неабходнасць настойлівасці ў малітве звяртае ўвагу прыпавесць з Евангелля паводле Лукі пра чалавека, які, прымаючы госця, што нечакана завітаў да яго ўначы, пайшоў да свайго сябра, каб папрасіць у яго хлеба. Той адказаў яму «не», бо ўжо лёг спаць, але чалавек настойваў, пакуль не змусіў суседа падняцца і даць яму хлеб.
«Але Бог больш цярплівы ў адносінах да нас, і той, хто стукае з верай і настойлівасцю ў дзверы Яго сэрца, не будзе расчараваны.
Бог адказвае заўсёды. Наш Айцец добра ведае, у чым маем патрэбу. Настойлівасць патрэбна не для таго, каб паінфармаваць і пераканаць Яго, але каб умацаваць у нас саміх жаданне і чаканне», — заўважыў Папа.
Другая прыпавесць кажа пра ўдаву, якая звярнулася да суддзі, каб дамагчыся справядлівасць. Суддзя быў чалавекам несумленным, але, раздражнёны надакучлівасцю ўдавы, нарэшце задаволіў яе просьбу.
«Гэтая прыпавесць дапамагае зразумець, што вера — не мімалётны імпульс, але мужная гатоўнасць прасіць Бога, нават “весці дыскусію” з Ім, не апускаючы рукі перад абліччам зла і несправядлівасці», — сцвердзіў Пантыфік.
Трэцяя прыпавесць распавядае пра фарысея і мытніка, якія прыйшлі памаліцца ў святыню. Першы звяртаецца да Бога, хвалячыся сваімі заслугамі; другі — не адчувае сябе годным узняць вачэй. «Бог чуе малітву не пыхлівых, але пакорных.
Не існуе сапраўднай малітвы без духу пакоры. Менавіта пакора падштурхоўвае прасіць, маліцца»,
— сказаў Папа.
«Навучанне Евангелля — выразнае: трэба маліцца заўсёды, нават калі ўсё здаецца марным, калі Бог здаецца глухім і нямым, а малітва — згубай часу. Нават тады, калі неба становіцца цёмным, хрысціянін не перастае маліцца. Яго малітва поруч з яго верай. Вера, у многія дні нашага жыцця, можа здавацца ілюзіяй, марным цяжарам. (…) Але маліцца значыць у тым ліку і прымаць гэты цяжар. (…) Многія святыя перажывалі ноч веры і маўчанне Бога — калі стукаем, а Бог не адказвае, — але заставаліся паслядоўнымі», — адзначыў Святы Айцец.
Папа дадаў, што ў такую ноч веры чалавек, які моліцца, ніколі не бывае самотным, таму што Езус прымае нас у сваю малітву, каб мы маглі маліцца з Ім і праз Яго, і «дорыць нам крылы».
«Як тут не згадаць поўныя даверу словы Псальма 91, што выходзяць з сэрца чалавека, які ва ўсім спадзяецца на Бога: “Пер’ем сваім цябе ахіне, і ты схаваешся пад Ягонымі крыламі; Не будзем баяцца ні страху начнога, ні стралы, што ўдзень ляціць. Ні заразы, што ходзіць у змроку, ні згубы, што знішчае апоўдні” (4-6). Менавіта ў Хрысце спаўняецца гэтая цудоўная малітва, менавіта ў Ім знаходзіць сваю поўную праўду.
Без Езуса нашы малітвы рызыкуюць звесціся да чалавечых высілкаў, якім часцей за ўсё наканавана параза.
Але Ён узяў на сябе кожны крык, кожны стогн, кожны вокліч, кожную просьбу… кожную малітву чалавека», — сказаў Святы Айцец.
Папа падкрэсліў, што «Хрыстус з’яўляецца для нас усім, таксама ў нашым малітоўным жыцці». Ён нагадаў словы св. Аўгустына: Езус «моліцца за нас як Святар, у нас — як наша Галава, а мы молімся да Яго, бо Ён — наш Бог. Распазнаем нашы галасы ў Хрысце, а Ягоны голас — у нас».
«Вось чаму хрысціянін, які моліцца, не баіцца нічога. Ён давярае сябе Духу Святому, Які быў дадзены нам у якасці дару, Які моліцца ў нас і вядзе нас да малітвы. Няхай Дух Святы, Настаўнік малітвы, навучыць нас малітоўнаму шляху», — завяршыў катэхезу Пантыфік.