Пошук

10.11.2020 17:55   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: WWAY TV

Святы Пасад апублікаваў даклад па справе былога кардынала і арцыбіскупа Вашынгтонскага, выдаленага з духоўнага стану. Гэты дакумент Дзяржаўны сакратарыят рыхтаваў ад імя Пантыфіка на працягу двух гадоў.

Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News. Даклад аб інстытуцыйных ведах і працэсе прыняцця рашэнняў Святога Пасаду адносна былога кардынала Тэадора Эдгара Маккарыка — так гучыць поўная назва дакумента — датычыць перыяду з 1930 па 2017 год.

Гэтая справаздача — своеасаблівы адказ на абавязацельства Папы Францішка правесці дбайнае расследаванне справы Маккарыка, вінаватага ў сексуальных злоўжываннях адносна непаўнагадовых і дарослых.

У дакуменце называюцца памылкі, якія дазволілі чалавеку, вінаватаму ў такога роду злачынствах, заняць высокія пасады ў іерархіі.

З гэтага ўжо былі зроблены высновы і рэалізаваны новыя касцёльныя нормы.

Адзначаецца, што да 2017 г. адсутнічалі грунтоўныя заявы адносна злоўжыванняў, учыненых Маккарыкам. Першае грунтоўнае абвінавачанне прагучала тры гады таму і прывяло да неадкладнага адкрыцця кананічнага працэсу, увянчанага двума паслядоўнымі рашэннямі Папы Францішка, які спачатку выдаліў Маккарыка з Калегіі кардыналаў, а потым і з духоўнага стану.

Меры, прынятыя Пантыфікам пасля саміту па абароне непаўнагадовых у лютым 2019 г., можна разглядаць у святле гэтай падзеі, уключаючы адмену папскай таямніцы ў выпадках сексуальнага гвалту.

«Як відаць з асноўнай часткі Дакладу і колькасці дакументаў і інфармацыі, якія ў ім змяшчаюцца, мы рушылі ў пошуках ісціны», — сцвердзіў у спецыяльнай заяве Дзяржсакратар Яго Святасці кардынал П’етро Паралін.

«Мы публікуем Даклад з болем ад ран, якія Маккарык нанёс ахвярам, іх сем’ям, Касцёлу ў ЗША, Паўсюднаму Касцёлу.

Як і Папа, я таксама змог азнаёміцца са сведчаннем ахвяр, што змяшчаюцца ў актах, на якіх заснаваны Даклад і якія захоўваюцца ў архівах Апостальскай Сталіцы», — сказаў іерарх. Ён лічыць, што для выключэння такога роду з’яў у будучыні, разам з больш эфектыўнымі нормамі, патрэбна навяртанне сэрцаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа