Пошук

04.11.2020 17:39   Паводле: Vatican News
Фота: Vatican News

На агульнай аўдыенцыі 4 лістапада ў Ватыкане Папа Францішак адзначыў, што з малітвай жыццёвыя выпрабаванні становяцца нагодай для ўзрастання ў веры і міласэрнай любові.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сваю катэхезу Пантыфік прысвяціў месцу малітвы ў жыцці Езуса. Па прычыне абвастрэння пандэміі каранавірусу аўдыенцыя прайшла ў фармаце відэатрансляцыі з Папскай прыватнай бібліятэкі ў Апостальскім палацы.

Святы Айцец нагадаў, што на працягу свайго публічнага жыцця «Езус няспынна звяртаўся да сілы малітвы». Евангелле дэманструе, што Ён часта адыходзіў памаліцца ў пустыннае месца, дадаў Папа. Па яго словах, згадкі пра гэта даволі сціплыя і даюць магчымасць толькі ўяўляць тыя малітоўныя дыялогі, але яскрава сведчаць пра тое, што Езус, нават служачы бедным і хворым, ніколі не забываў пра блізкі дыялог з Айцом.

«Чым больш Ён паглыбляўся ў патрэбы людзей, тым мацней адчуваў патрэбу ў адпачынку ў Трынітарнай еднасці», — сказаў Папа.

Паводле Пантыфіка, малітва была асновай усёй місіі Езуса, Яго таямніцай, схаванай ад людскіх вачэй.

«У тыя гадзіны самотнасці — перад світанкам ці ноччу — Езус паглыбляўся ў сваю блізкасць з Айцом, можна сказаць, у Любоў, якой прагне кожная душа. Гэта тое, што становіцца бачным з самых першых дзён Яго публічнага служэння», — заўважыў пастыр паўсюднага Касцёла.

Святы Айцец нагадаў, як аднойчы ў Кафарнауме Езус аздараўляў хворых, але на досвітку пайшоў у пустыннае месца маліцца. Калі вучні знайшлі Яго, сказалі: «Усе шукаюць Цябе!» Езус жа адказаў ім, што павінен ісці прапаведаваць у іншыя месцы.

«Малітва была штурвалам, які накіроўваў шлях Езуса. Этапы Яго місіі былі прадыктаваны не поспехам, не ўхваленнем, не спакуслівым выразам: “Усе шукаюць Цябе”. Шлях Езуса быў пазначаны менш зручнай дарогай, якая была паслухмянасцю натхненню Айца, якога Езус слухаў і прымаў у сваёй малітве ў самоце», — зазначыў Папа.

Ён спаслаўся на Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, у якім гаворыцца, што сваёй малітвай Езус вучыць маліцца і нас.

Таму, дадаў Пантыфік, прыклад Езуса дапамагае акрэсліць некаторыя рысы хрысціянскай малітвы.

Папа заўважыў, што ў першую чаргу малітва павінна займаць прыярытэтнае месца, і дадаў, што для Езуса яна была першым жаданнем на працягу дня, тым, што здзяйсняецца на світанку, перш чым прачнецца свет. «Малітва вяртае душу таму, што без яе не мела б дыхання. Дзень, пражыты без малітвы, рызыкуе пераўтварыцца ў цяжкі або сумны досвед: усё тое, што адбываецца, магло б стаць нязносным і сляпым лёсам для нас. Езус жа вучыць паслухмянасці рэчаіснасці і таму — слуханню», — звярнуў увагу Папа.

«Малітва — гэта, у першую чаргу, слуханне і сустрэча з Богам. Штодзённыя праблемы, такім чынам, становяцца не перашкодай, але заклікам самога Бога слухаць і сустракаць таго, хто стаіць перад намі. Жыццёвыя выпрабаванні, такім чынам, ператвараюцца ў нагоду для ўзрастання ў веры і міласэрнай любові. Штодзённы шлях, у тым ліку цяжкасці, набывае перспектыву “паклікання”.

Малітва мае сілу перамяняць у дабро тое, што ў адваротным выпадку было б у жыцці прысудам; яна мае сілу адкрываць вялікі гарызонт перад розумам і рабіць больш шырокім сэрца»,

— заўважыў Пантыфік.

Па яго словах, малітва — гэта мастацтва, якое патрабуе пастаянства. «Мы ўсе здольныя на эпізадычную малітву, якая ўзнікае пад уплывам эмоцый, але Езус вучыць нас іншаму віду малітвы: той, якой уласцівыя дысцыпліна і практыкаванне, якая прымаецца ў якасці жыццёвага правіла», — сказаў Папа.

«Пастаянства ў малітве выклікае паступовае пераўтварэнне, робіць моцным у перыяды турбот, адорвае ласкай падтрымкі з боку Таго, хто любіць нас і заўсёды абараняе нас», — дадаў ён.

Яшчэ адной рысай малітвы Езуса Пантыфік назваў самотнасць. «Той, хто моліцца, не ўцякае ад свету, але аддае перавагу пустынным месцам. Там, у цішыні, могуць праявіцца шматлікія галасы, якія носім у глыбіні душы: самыя схаваныя жаданні, праўды, якія імкнёмся заглушыць. І, самае галоўнае, што ў цішыні гаворыць Бог», — сцвердзіў Пантыфік.

«Кожны чалавек мае патрэбу ў месцы для самога сябе, дзе будзе працаваць над уласным духоўным жыццём, дзе дзеянні набываюць сэнс.

Без духоўнага жыцця мы становімся павярхоўнымі, неспакойнымі, трывожнымі; трывога — шкодная.

Без духоўнага жыцця мы пазбягаем рэчаіснасці, а таксама саміх сябе. Становімся людзьмі, якія пастаянна ўцякаюць», — сказаў Папа.

Нарэшце, адзначыў ён, «малітва Езуса — гэта месца, дзе адчуваецца, што ўсё паходзіць ад Бога і вяртаецца да Яго». «Часам мы, людзі, лічым сябе гаспадарамі ўсяго, ці, наадварот, губляем усялякую павагу да сябе. Малітва дапамагае нам адшукаць слушнае вымярэнне ў адносінах з Богам, нашым Айцом, і з усім стварэннем», — звярнуў увагу Пантыфік. Ён падкрэсліў, што маліцца — значыць давяраць Богу.

Падсумоўваючы катэхезу, Святы Айцец заклікаў распазнаць у Хрысце настаўніка малітвы, вучыцца ад Яго, каб знайсці радасць і спакой.

Абноўлена 04.11.2020 17:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа