Пошук

14.09.2020 10:17   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: Vatican Media

13 верасня падчас традыцыйнай нядзельнай малітвы «Анёл Панскі» Папа Францішак звярнуў увагу на з’яву грамадскіх пратэстаў, што назіраецца ў многіх частках свету, і заклікаў дзяржаўныя ўлады забяспечыць поўную павагу да правоў чалавека і грамадзянскіх свабод.

Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец заўважыў, што «шматлікія народныя дэманстрацыі пратэсту выражаюць нарастаючы неспакой грамадзянскай супольнасці ва ўмовах асабліва крытычных палітычных і сацыяльных сітуацый».

Пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў дэманстрантаў «мірна выказвацца пра свае праблемы, не паддаючыся спакусе агрэсіі і гвалту», а дзяржаўныя ўлады — «прыслухацца да голасу сваіх суграмадзянаў і пайсці насустрач іх законным імкненням, забяспечваючы поўную павагу да правоў чалавека і грамадзянскіх свабод».

Пантыфік запрасіў касцёльную супольнасць краін, дзе адбываюцца пратэсты, пад кіраўніцтвам сваіх пастыраў заўсёды працаваць на карысць дыялогу, прымірэння і прабачэння.

«Менавіта такі падыход да вырашэння складанай грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі прапаноўваў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які з 31 жніўня не мае магчымасці вярнуцца на Радзіму», — зазначыў, каментуючы словы Пантыфіка, Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх дадаў, што, хоць Папа Францішак не назваў канкрэтных краін, але сказанае ім можна ў поўнай меры аднесці да сённяшняй сітуацыі ў Беларусі, дзе ўжо больш за месяц не спыняюцца мірныя пратэсты, якія збіраюць сотні тысяч удзельнікаў па ўсёй краіне.

Абноўлена 24.09.2020 13:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця