Выйшла спецыяльная заява Кангрэгацыі евангелізацыі народаў наконт даты святкавання Сусветнага дня місій у гэтым годзе.
Пра гэта паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News.
«У адказ на пытанні пра святкаванне Сусветнага дня місій у 2020 годзе, якія паступілі, Кангрэгацыя евангелізацыі народаў пацвярджае, што сёлета ён будзе адзначацца на сусветным узроўні ў нядзелю 18 кастрычніка, без якіхсьці зменаў у календары», — гаворыцца ў дакуменце кангрэгацыі.
У заяве ўдакладаняецца, што ў многіх дыяцэзіях ужо на працягу некаторага часу вядзецца падрыхтоўка да гэтай падзеі, якой з натхненнем чакае Божы народ.
Вера па сваёй прыродзе з'яўляецца місіянерскай, і «святкаванне Сусветнага дня місій служыць захаванню ва ўсіх верніках гэтага важнейшага вымярэння хрысціянскай веры».
Кангрэгацыя нагадвае пра дачыненне і сумесную адказнасць біскупаў і дадае, што сабраныя ў гэты дзень ахвяраванні будуць накіраваны Папскім місіянерскім таварыствам, якія «працуюць на сусветным узроўні для раўнапраўнай падтрымкі Касцёла на місіянерскіх тэрыторыях».