Усе мы як вучні Езуса, Лекара душы і цела, пакліканы працягваць «Яго справу аздараўлення і збаўлення», нагадаў Папа 5 жніўня падчас першай пасля месяцу летняга перапынку агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік на нейкі час прыпыніў катэхетычны цыкл пра малітву і вырашыў прысвяціць некалькі наступных агульных аўдыенцый тэме пандэміі і паразважаць пра свет у паслякрызісны перыяд.
Святы Айцец заўважыў, што каранавірус нанёс чалавецтву глыбокія раны, выявіўшы яго ўразлівасць, выклікаўшы смерць, хваробы і стан няўпэўненасці.
Менавіта таму трэба «засяроджваць свой позірк на Езусе (Гбр 12, 2)» і з верай прымаць надзею на Божае Валадарства, якое Ён нам нясе (Мк 1, 5; Мц 4, 17; ККК 2816): «Валадарства справядлівасці і спакою, што выяўляецца ва ўчынках міласэрнасці, якія, у сваю чаргу, павялічваюць надзею і ўзмацняюць веру (1 Кар 13, 13)».
«У хрысціянскай традыцыі вера, надзея і любоў значна вышэйшыя за пачуцці або манеру паводзін: гэта цноты, удыхнутыя ў нас праз ласку Духа Святога (ККК 1812–1813), дары, якія вылечваюць нас і робяць лекарамі, дары, якія адкрываюць перад намі новыя гарызонты, нават у момант, калі мы плывем па неспакойных водах нашага часу», — заўважыў Папа.
Па словах Святога Айца, сустрэча з Евангеллем веры, надзеі і любові запрашае нас «прыняць творчы і абноўлены дух»: тады мы «зможам вылечыць на глыбокім узроўні несправядлівыя структуры і разбуральныя практыкі, якія нас раздзяляюць, пагражаючы чалавечай сям’і і нашай планеце».
Сярод мноства прыкладаў цудоўных аздараўленняў, якія ўчыніў Езус, Пантыфік засяродзіўся на гісторыі пра паралізаванага ў Кафарнауме (Мк 2, 1–12).
«Учынак Езуса — гэта прамы адказ на веру тых людзей, на надзею, якую на Яго ўскладаюць, на праяўленую любоў, якую маюць адзін да аднаго.
І тады Езус вылечвае, але вылечвае не проста параліч. Езус аздараўляе ўсё, прабачае грахі, абнаўляе жыццё паралізаванага і яго сяброў», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.
Ён нагадаў, што ўсе мы, як вучні Езуса, Лекара душы і цела, пакліканы працягваць «Яго справу аздараўлення і збаўлення» (ККК 1421) у фізічным, грамадскім і духоўным сэнсе.
І хоць Касцёл «не з’яўляецца экспертам у прадухіленні або спыненні пандэміі і тым больш не дае спецыфічных сацыяльна-палітычных указанняў», ён, аднак, развіў фундаментальныя сацыяльныя прынцыпы, якія могуць дапамагчы рухацца наперад, «каб падрыхтаваць будучыню, у якой мы маем патрэбу». Гэта прынцыпы годнасці асобы, усеагульнага дабра, прыярытэтнага клопату пра бедных, універсальнага прызначэння матэрыяльных дабротаў, салідарнасці, субсідыярнасці, клопату пра наш агульны дом. «Усе гэтыя прынцыпы ў рознай ступені выяўляюць цноты веры, надзеі і любові», — падкрэсліў Пантыфік.
Святы Айцец запрасіў вернікаў «у бліжэйшыя тыдні разам заняцца неадкладнымі пытаннямі, якія ўзняла пандэмія, асабліва сацыяльнымі хваробамі», і рабіць гэта «ў святле Евангелля, хрысціянскіх цнотаў і прынцыпаў сацыяльнага вучэння Касцёла».
«Адкрыем разам, як нашая каталіцкая сацыяльная традыцыя можа дапамагчы чалавечай сям’і вылечыць гэты свет, які пакутуе ад цяжкіх хваробаў.
Маё жаданне ў тым, каб мы ўсе разам разважалі і працавалі, як паслядоўнікі Езуса, які аздараўляе, каб будаваць лепшы свет, поўны надзеі для будучых пакаленняў»,
— завяршыў катэхезу Папа Францішак.