Пошук

03.08.2020 16:45   Паводле: L’Osservatore Romano / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: L’Osservatore Romano

3 жніўня пасля рамонту, які працягваўся сем месяцаў, зноў адкрылася ватыканская аптэка.

Як паведамляе сайт газеты LOsservatore Romano, гэтым разам былі адноўлены вітрыны і прылаўкі, а таксама падлога, столь і асвятленне памяшкання для кліентаў.

Заснаваная ў 1874 годзе аптэка стала адным з найбольш сучасных месцаў у Ватыкане. Ёй карыстаюцца як тыя, хто тут жыве, так і наведвальнікі звонку.

У аптэцы цяпер прымаюцца электронныя рэцэпты, а з дапамогай смартфона можна прачытаць падрабязную інфармацыю адносна кожнага леку і іншых спадарожных тавараў, у тым ліку касметычных.

Інвентарызацыяй і сартаваннем больш як 40 тыс. найменняў фармацэўтычнай прадукцыі будуць займацца тры робаты, зробленыя ў Германіі.

Адзін з іх счытвае рэцэпты, пасля чаго знаходзіць на складзе прапісаныя лекі, якія па адмысловай стужцы транспарцёра падаюцца да вакенца фармацэўта.

«Робаты размяшчаюць лекі на складзе такім чынам, каб эканоміць месца, не дапускаць пратэрмінавання і забяспечыць іх хутчэйшую выдачу. За восем секунд з дапамогаю спецыяльнага стужкавага транспарцёра робат можа перадаць любы патрэбны прэпарат фармацэўту», — паведаміў журналісту L’Osservatore Romano дырэктар аптэкі брат Шпітальнага ордэна святога Яна Божага (баніфратраў) Бініш Томас Малакаль.

Гэта павінна скараціць час чакання для кліентаў, якіх штодзённа тут бывае каля дзвюх тысяч. Іх абслугоўваюць каля 65-і супрацоўнікаў аптэкі.

Дырэктар падкрэсліў, што рамонт і мадэрнізацыя праходзілі ў адпаведнасці з патрабаваннямі экалогіі і былі пакліканы зрабіць аптэку як мага больш зручным месцам для ўсіх. Вялікая ўвага надавалася таксама эстэтыцы, а падлога, вокны і асвятленне не шкодзяць навакольнаму асяроддзю.

Рамонт памяшкання для кліентаў стаў апошнім этапам працяглага працэсу мадэрнізацыі старадаўняй аптэкі.

Яго імкнуліся скончыць як мага хутчэй з-за выкліканай каранавірусам складанай эпідэміялагічнай сітуацыі. Раней былі адрамантаваны склад, адміністрацыйныя памяшканні і касметычная крама, якая дзейнічае пры аптэцы.

Абноўлена 03.08.2020 16:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа