Папа Францішак скіраваў пасланне на харвацкай мове ўдзельнікам штогадовай малітоўнай сустрэчы моладзі Mladifest, якая праходзіць у Меджугор’і з 1 па 6 жніўня.
Як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец піша, што ў гэтым санктуарыі Маці Божай маладыя пілігрымы з розных краін могуць сустрэцца з жывым Езусам Хрыстом, асабліва ў сакрамэнтах Эўхарыстыі і пакаяння, ва ўшанаванні Найсвяцейшага Сакрамэнту. Тут, па словах Пантыфіка, моладзь можа спазнаць «іншы лад жыцця», не звязаны з «культурай таго, што праходзіць», і рэлятывізмам; можа атрымаць «праўдзівыя і верныя адказы».
Малітоўная сустрэча ў Меджугор’і праходзіць пад дэвізам, які нагадвае пра словы Езуса: ««Ідзіце і ўбачыце» (Ян 1, 39).
Гэты заклік Пана, звернуты да Яго вучняў, з’яўляецца, як адзначае Папа, благаслаўленнем і для маладых людзей, бо Хрыстус скіроўвае позірк і на іх, «запрашаючы пайсці і застацца з Ім».
Святы Айцец падкрэслівае, што быць разам з Панам — значыць надаць сэнс жыццю: сустрэча з Хрыстом перамяняе чалавека і даручае яму «місію перадаваць гэты досвед іншым, заўсёды гледзячы на Пана». Папа заклікае моладзь знаходзіць і прысвячаць час для Езуса, быць з Ім, давяраць сябе Яму, які найлепш ведае сэрца чалавека, напаўняцца Божым Духам і «быць гатовым да захапляльнай жыццёвай прыгоды».
Пастыр паўсюднага Касцёла дадае, што да Езуса трэба прыходзіць фізічна і духоўна: толькі тады можна знайсці поўны і канчатковы сэнс нашага прабывання на зямлі.
Цудоўным прыкладам безумоўнага крочання за Хрыстом Папа назваў Найсвяцейшую Панну Марыю. Па яго словах, Яна рызыкавала, але здолела цалкам даверыць сябе Божай руцэ, «Маці Марыя клапоціцца пра нас, сваіх дзяцей, якія часта жывуць у стомленасці і патрэбе, але хочуць, каб святло надзеі не згасла».
У канцы паслання Святы Айцец заахвочвае моладзь словамі са сваёй Апостальскай адгартацыі Christus vivit («Хрыстус жыве»):
«Бяжыце ж, калі вас прыцягвае гэтае Аблічча, якое мы ўшаноўваем у святой Эўхарыстыі і пазнаем у целе церпячага брата.
Касцёл мае патрэбу ў вашым імкненні, у вашай інтуіцыі, у вашай веры (п. 299)».