Пошук

29.07.2020 14:40   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Getty Images

На працягу апошніх трох месяцаў кітайскія хакеры вялі ўзлом кам’ютарных сетак Ватыкана.

Пра гэта са спасылкай на New York Times паведамляе каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ. Вядучыя журналісты амерыканскага выдання сцвярджаюць, што атакі адбываліся падобна да таго, як у мінулым дзейнічалі кібер-піраты, абвінавачаныя ў фінансаванні ўрадам КНР.

Зламысныя дзеянні былі выяўлены і адсочваліся экспертамі па кібербяспецы са спецыяльнай фірмы Recorded Future. У мінулым кітайскія хакеры падобным чынам незаконна збіралі інфармацыю пра тыбецкіх будыстаў, мусульманаў-уйгураў і членаў секты Фалуньгун, якія жывуць за межамі Кітая.

Аднак упершыню з’явілася інфармацыя пра тое, што падобныя дзеянні ў сеціве былі скіраваныя супраць Святога Пасаду.

Пра гэта стала вядома ў асаблівы момант, паколькі ў верасні павінны распачацца размовы на тэму прынцыпаў прызначэння біскупаў і статусу месцаў культу, што сёння рэгулюецца пагадненнем, падпісаным у 2018 годзе.

Паводле New York Times, узлом ватыканскіх камп’ютараў распачаўся на пачатку мая з віруснага файла, прымацаванага да афіцыйнага ліста ватыканскага дыпламата арцыбіскупа Эдгара Пенья Пары, скіраванага да прадстаўнікоў Касцёла ў Ганконгу. У ім было змешчана пасланне Дзяржсакратара кардынала П’етро Параліна.

Невядома, ці гэты ліст быў падроблены або гэта быў сапраўдны дакумент, які хакеры нейкім чынам здабылі, а потым прымацавалі да яго шкодную праграму-шпіёна, каб атрымаць доступ да камп’ютараў касцёльных структур у Ганконгу і ватыканскіх сервераў.

Абноўлена 29.07.2020 14:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця