Пошук

29.07.2020 12:10   Паводле: Vatican News
Фота Twitter

Пантыфік напісаў прадмову да кнігі кардынала Вальтэра Каспера і айца Джорджа Аўгустына SAC «Супольнасць і надзея», у якой сабраны «сведчанні веры ў час пандэміі каранавірусу».

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, арыгінальнае нямецкамоўнае выданне ўбачыла свет у чэрвені, а некалькі дзён таму Ватыканскае выдавецтва (LEV) апублікавала яго пераклад на італьянскую мову.

У прадмове Папа падкрэсліў, што «крызіс, выкліканы каранавірусам, паразіў неспадзявана ўсіх», «змяніўшы раптам ва ўсім свеце сямейнае, працоўнае і грамадскае жыццё»: многія аплакваюць смерць родных і сяброў; іншыя апынуліся ў складанай фінансавай сітуацыі ці згубілі працу; у шматлікіх краінах аказалася немагчымай супольная цэлебрацыя галоўнай хрысціянскай урачыстасці — літургіі Вялікадня.

Гэтая «драматычная сітуацыя», па словах Святога Айца, «выявіла нашу чалавечую ўразлівасць, слабасць і патрэбу ў вызваленні» і «паставіла пад сумнеў многія перакананні, на якія мы абапіраліся ў сваім паўсядзённым жыцці, калі рэалізоўвалі свае планы і праекты».

«Пандэмія ставіць перад намі фундаментальныя пытанні адносна шчасця ў нашым жыцці і скарбу нашай хрысціянскай веры»,

— напісаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён зазначыў, што апошнія месяцы сталі «часам выпрабавання і выбару», запрашэннем «зноў скіраваць сваё жыццё да Бога». Крызіс прадэманстраваў, што «ў надзвычайных сітуацыях мы залежым ад салідарнасці іншых людзей», і падштурхнуў да «прысвячэння свайго жыцця служэнню іншым».

Папа нагадаў, што ў самы разгар крызісу мы святкавалі Вялікдзень і слухалі велікоднае пасланне перамогі жыцця над смерцю, якое «падкрэслівае, што як хрысціяне мы не павінны дазволіць, каб пандэмія нас спаралізавала».

«Рызыка заразіцца вірусам павінна навучыць нас іншаму тыпу “заражэння” — заражэння любоўю, якая перадаецца ад сэрца да сэрца», — сцвердзіў Пантыфік.

Ён таксама нагадаў, што анлайн-трансляцыі літургій, якія сталі вымушаным часовым рашэннем у перыяд «балючага Эўхарыстычнага посту», немагчымасці правядзення супольных набажэнстваў, «не могуць замяніць рэальнай прысутнасці Пана ў Эўхарыстычнай цэлебрацыі».

«Таму я радуюся, што цяпер можна вярнуцца да нармальнага літургічнага жыцця», — дадаў Святы Айцец.

«Жадаю і спадзяюся, што тэалагічныя разважанні, сабраныя ў гэтым невялікім выданні, падштурхнуць да роздуму і выклікаюць у многіх абноўленыя надзею і салідарнасць. Як у выпадку з двума вучнямі, што ішлі ў Эмаус, у далейшым і нас Пан будзе суправаджаць на шляху сваім Словам і, праламляючы Эўхарыстычны Хлеб, будзе казаць нам: “Не бойцеся! Я перамог смерць”», — напісаў Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа