Пошук

23.07.2020 13:51   Тэкст: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Рixabay.com

Кангрэгацыя па справах Духавенства вызначыла мінімальны тэрмін, на працягу якога адбываецца фармацыя кандыдата да пасвячэння з мэтаю яго прыпадабнення да Хрыста — Пастыра і Слугі.

Як паведаміў Catholic.by Старшыня Камiсiі па справах фармацыi семiнарыстаў i святароў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Аляксандр Яшэўскi SDB, кангрэгацыя Святога Пасаду, якая займаецца справамі духавенства, у спецыяльным лісце ад 9 ліпеня, адрасаваным Старшыням Канферэнцый Біскупаў, удакладніла адзін з важных момантаў, што датычацца фармацыі будучых святароў.

Праз чатыры гады пасля ўвядзення новай праграмы падрыхтоўкі святароў Ratio Fundamentalis Institutiones Sacerdotalis, Кангрэгацыя па справах Духавенства, сабраўшы багаты досвед розных касцёльных супольнасцяў і шматлікіх семінарый і фармацыйных устаноў, палічыла неабходным нагадаць пра важнасць належнай працягласці і якасці «этапу прыпадабнення», або «курсу тэалогіі» ў працэсе фармацыі святароў.

Як сцвярджаецца ў Ratio Fundamentalis, гаворка ідзе пра патрабавальны і насычаны этап падрыхтоўкі, паколькі ён «засяроджаны на тым, каб прыпадобніць семінарыста да Хрыста, Пастыра і Слугі» (пар. RFIS 68), і «асаблівым чынам скіраваны на духоўную фармацыю, уласцівую прэзбітэру» (пар. RFIS 69), каб ён мог набыць пачуцці, якія меў Божы Сын, і прысвяціць сябе пастырскаму служэнню Яго народу.

Кангрэгацыя звяртае ўвагу на тое, што біскупы і тыя, каму даручана фармацыя ў семінарыях, павінны забяспечыць рэалізацыю гэтых мэтаў на працягу адпаведнага часу. Акрамя таго, даюцца пэўныя заўвагі кожнай Канферэнцыі Біскупаў, каб фармацыйны шлях адпавядаў касцёльнай і культурнай сітуацыі ў краіне.

У невялікім дакуменце Кангрэгацыі па справах Духавенства зазначаецца, што на этапе прыпадабнення, або курсу тэалогіі, семінарысты павінны мець магчымасць атрымаць належную адукацыю, вывучаючы багаслоўскія дысцыпліны, а таксама «службовыя» прадметы, якія выкладаюцца на гэтым этапе ў семінарыях.

Разам з інтэлектуальнай фармацыяй, семінарысты ў гэты час павінны мець магчымасць прысвяціць сябе дзейнасці, якая будзе спрыяць іх духоўнаму, чалавечаму і пастырскаму развіццю. У сувязі з гэтым Кодэксам Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла прадугледжана, што курс тэалогіі, або «этап прыпадабнення», павінен працягвацца чатыры навучальныя гады (восем семестраў).

Пры гэтым, як зазначае адказны за падрыхтоўку будучых святароў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Кангрэгацыя па справах Духавенства ўдакладняе:

«Толькі пасля заканчэння этапу прыпадабнення, а не падчас яго, „або на працягу наступнага [этапу душпастырскай практыкі і высновы паклікання], прызнаны годным на думку біскупа пасля кансультацыі з адказнымі за фармацыю семінарыст можа прасіць і прыняць пасвячэнне ў ступені дыяканату“ (пар. RFIS 73)».

«Беручы пад увагу вопыт паўсюднага Касцёла, Кангрэгацыя па справах духавенства настойліва рэкамендуе, каб разгляд гэтай просьбы адбываўся пераважна пасля таго, як семінарыст апынецца ў рэчаіснасці сваёй дыяцэзіі і прэзбітэрыя, у якім будзе знаходзіцца на этапе душпастырскай практыкі і высновы паклікання (пар. RF 74–79), што завершыцца прэзбітэрскім пасвячэннем. З гэтага моманту прэзбітэр распачынае пастаянную фармацыю», — працытаваў біскуп Яшэўскі ватыканскі дакумент.

Іерарх дадае:

«Што датычыцца фармацыі семінарыстаў у Беларусі, яна адпавядае нормам, пра якія гаворыць Кангрэгацыя па справах Духавенства. Курс тэалогіі ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і ў Вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску працягваецца чатыры гады, якія ўключаюць восем навучальных семестраў. Пасвячэнне дыяканату, як правіла, адбываецца перад душпастырскай практыкай, і такім чынам у фармацыіі семінарыстаў нормы, пра якія ідзе гаворка, захаваныя».

Абноўлена 23.07.2020 14:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа