Пошук

22.07.2020 14:48   Паводле: Vatican News
Фота Pontificia Accademia per la Vita

«L’Humana communitas у эпоху пандэміі. Несвоечасовыя разважанні пра адраджэнне жыцця» — так называецца выдадзены Папскай акадэміяй жыцця дакумент на тэму наступстваў эпідэміялагічнага крызісу, выкліканага каранавірусам.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэты дакумент — другі пасля абнародаванага 30 сакавіка тэксту «Пандэмія і ўніверсальнае братэрства», прысвечанага глабальнай надзвычайнай сітуацыі, выкліканай вірусам COVID-19.

Развіваць «этыку рызыкі», рэалізоўваць міжнароднае супрацоўніцтва і пашыраць адказную салідарнасць — ключавыя прынцыпы, да якіх заклікае новы дакумент Папскай акадэміі жыцця.

Дакумент пачынаецца з пытання: «Якія ўрокі падала нам пандэмія?» і асабліва: «Якое навяртанне мыслення і паводзін мы гатовыя прыняць у імя чалавечай сям’і?»

Адказ на першае пытанне — «урок уразлівасці», які датычыць усіх, асабліва пацыентаў у шпіталях, зняволеных у турмах, мігрантаў у лагерах бежанцаў. Аднак з гэтага ўроку вынікае яшчэ адзін: усведамленне таго, што жыццё — гэта дар. Больш за тое, пандэмія дала зразумець, што ўсё ўзаемазвязана і што «спусташэнне зямлі», эканамічныя рашэнні, заснаваныя на прагнасці і празмерным спажыванні, «злоўжыванне ўладай і пагарда да стварэння» паўплывалі, у тым ліку, і на распаўсюджванне вірусу, гаворыцца ў дакуменце.

Папская акадэмія жыцця заклікае звярнуць асаблівую ўвагу на «чалавечую ўзаемазалежнасць і на ўсеагульную ўразлівасць», бо ў той час як «краіны закрылі свае межы», а некаторыя нават распачалі «цынічную гульню ва ўзаемныя абвінавачванні», «вірус не ведае межаў».

У дакуменце гучыць заклік да «сінергіі намаганняў», каб дзяліцца інфармацыяй, аказваць дапамогу і аб’ядноўваць рэсурсы.

Асаблівыя высілкі неабходна прыкладаць для развіцця медыцынскіх паслуг і распрацоўкі вакцын: «адсутнасць скаардынаванасці і кааперацыі» ў гэтай сферы становіцца перашкодай у лячэнні пацыентаў з выяўленым COVID-19. Тым больш што пандэмія павялічыла разрыў паміж багатымі і беднымі краінамі. Апошнія заплацілі «больш высокую цану», бо з самага пачатку не мелі базавых рэсурсаў, а ў дадатак часта становяцца ахвярамі іншых смяротных паталогій, сярод якіх — малярыя і сухоты.

Дакумент нагадвае пра важнасць «этыкі рызыкі», якая б патрабавала спецыфічнай адказнасці ў дачыненні да людзей, чые здароўе, жыццё і годнасць падвяргаюцца найбольшай небяспецы. Засяроджвацца на генезісе пандэміі, не ўлічваючы эканамічную, сацыяльную і палітычную няроўнасць паміж краінамі свету — значыць не разумець важнасці абставін, якія паспрыялі яе больш хуткаму распаўсюджванню.

Папская акадэмія жыцця заклікае да «глабальных высілкаў і міжнароднага супрацоўніцтва» для забеспячэння прызнання ў якасці «ўніверсальнага чалавечага права» доступу да якаснага медыцынскага абслугоўвання і самых неабходных лекаў.

Аўтары дакумента нагадваюць пра важнасць «адказных навуковых даследаванняў», гэта значыць непадкупных, свабодных ад канфліктаў інтарэсаў і заснаваных на прынцыпах роўнасці, свабоды і справядлівасці.

«Карысць грамадства і ўсеагульная карысць у медыцынскай галіне павінны апярэджваць любую зацікаўленасць у прыбытку. Грамадскае вымярэнне даследаванняў не можа быць прынесена ў ахвяру на алтар прыватнай выгады», — сцвярджаецца ў дакуменце.

Адсюль вынікае важная роля Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў заспакаенні «патрэбаў і хваляванняў менш развітых краін адносна пераадолення беспрэцэдэнтнай катастрофы».

Нарэшце, Папская акадэмія жыцця заахвочвае пашыраць адказную салідарнасць, якая б прызнавала роўную годнасць усіх людзей, асабліва тых, хто жыве ў нястачы. «Кожны чалавек пакліканы рабіць свой унёсак», вось чаму патрэбныя карэктныя і празрыстыя палітычныя стратэгіі і сумленныя дэмакратычныя працэсы.

«Супольнасць адказная тады, калі цяжар мераў засцярогі і ўзаемная падтрымка падзелены паміж усімі» дзеля агульнага дабра, заўважаюць аўтары дакумента.

Яны завяршаюць разважанні заклікам да надзеі, якая б перавышала бяздзейную пакорлівасць і настальгію па мінулым: «настаў час, каб марыць і рэалізоўваць праект такога чалавечага суіснавання, якое забяспечыла б лепшую будучыню» для ўсіх.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.